Больш за 7,5 тыс. віцяблян возьмуць удзел у шэсці з нагоды Дня Перамогі

9 мая, Віцебск /Вольга Багачова - Віцебск/. Больш за 7,5 тыс. віцябчан прымуць сёння ўдзел у святочным шэсці з нагоды Дня Перамогі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле культуры Віцебскага гарвыканкама. Святочныя мерапрыемствы ў гонар 66-й гадавіны Вялікай Перамогі адкрыюцца ў Віцебску шэсцем ад плошчы Свабоды да плошчы Перамогі. Узначаляць калону ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Затым пройдуць прадстаўнікі абласных і гарадскіх уладаў, устаноў адукацыі, культуры і спорту абласнога цэнтра, працоўных калектываў Кастрычніцкага, Першамайскага і Чыгуначнага раёнаў горада. Замкнуць калону актывісты абласной арганізацыі БРСМ. На плошчы Перамогі каля мемарыяльнага комплексу ў гонар воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны адбудзецца святочны мітынг з ускладаннем кветак і вянкоў да мемарыяла. Са святам Перамогі ўсіх прысутных павіншуе старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец. Афіцыйная частка мерапрыемства працягнецца народнымі гуляннямі і канцэртамі, якія арганізаваны на ўсіх пляцоўках абласнога цэнтра. Так, на плошчы Перамогі адразу пасля мітынгу пачнецца выступленне творчых калектываў устаноў адукацыі. У культурна-гістарычным комплексе "Залатое кальцо горада Віцебска "Дзвіна" пройдзе канцэрт харавых і эстрадных калектываў абласнога цэнтра "Расцветалі яблыні і грушы...". У Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў гараджане прымуць удзел у спартыўна-мастацкім свяце "Мы - спадкаемцы Перамогі!". Выстава-продаж карцін мастакоў і вырабаў народных майстроў разгорнецца на вуліцы Суворава. Парк імя Фрунзе запрашае ўсіх жадаючых на канцэртна-танцавальную праграму "У старых рытмах ля фантану". Летні амфітэатр стане сёння пляцоўкай для выступлення народнай артысткі Расіі Надзеі Бабкінай і ансамбля "Руская песня". Святочныя гулянні ў Віцебску будуць працягвацца да позняга вечара, а іх фінальным акордам стане маляўнічы салют у начным небе горада.-0-