Больш за 80 дыпломаў заваявалі школьнікі Віцебскай вобласці на рэспубліканскіх і міжнародных прадметных алімпіядах

Более 80 дипломов завоевали школьники Витебской области на республиканских и международных предметных олимпиадах

У абласной філармоніі адбылося ўшанаванне пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах і міжнародных прадметных алімпіяд 2015 года, а таксама педагогаў, дзякуючы якім дасягнуты высокія вынікі. Ім прысуджаны прэміі аблвыканкама.

На сёлетнім этапе папоўнілася ўзнагародная скарбонка Віцебшчыны 80 дыпломамі па выніках рэспубліканскай алімпіяды. Акрамя таго, на 27-й Міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы ў Алматы (Казахстан) выпускніца віцебскай гімназіі №1 Барбара Кускова (цяпер студэнтка Белдзяржуніверсітэта) заваявала сярэбраны медаль, вучань 11-га класа віцебскай гімназіі №8 Ілья Мядзянiкаў – бронзавы.

Выступаючы на ўрачыстай цырымоніі ўручэння пасведчанняў аб прысуджэнні прэмій, намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Церанцьеў адзначыў, што Віцебшчына дастаткова стабільна выступае ў алімпіядным руху. Для задавальнення высокіх адукацыйных запытаў навучэнцаў працуюць 25 гімназій, ліцэй і два кадэцкія вучылішчы. Больш за 70% дыпламантаў фіналу рэспубліканскай алімпіяды – прадстаўнікі менавіта гэтых устаноў адукацыі. За апошнія тры гады лаўрэатамі прэміі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў сталі больш за 300 прадстаўнікоў Віцебшчыны.

Аблвыканкамам традыцыйна надаецца асаблівая ўвага забеспячэнню якаснай адукацыяй падрастаючага пакалення і стымуляванню педагагічнай працы. Толькі ў бягучым годзе на патрэбы сістэмы адукацыі выдзелена 4,5 трлн руб., або больш за 28% абласнога бюджэту. З часу заснавання аблвыканкамам прэміі для пераможцаў рэспубліканскай алімпіяды і іх настаўнікаў (2011 год) ёю ўзнагароджаны 333 навучэнцы і 241 педагог. 20 работнікам адукацыі і навукі прысвоена ганаровае званне «Чалавек года Віцебшчыны», 21 атрымаў падзякі старшыні аблвыканкама.

Вобласць славіцца таленавітымі, творчымі педагогамі, высокакваліфікаванымі прафесіяналамі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй і велізарнай любоўю да дзяцей. Гэта настаўніца інфарматыкі віцебскай гімназіі №8 Вераніка Паўлаўна Лакціна, якая падрыхтавала вышэйназваных прызёраў міжнароднай алімпіяды, настаўніца біялогіі віцебскай гімназіі №1 Ала Аляксееўна Мараліна, настаўнік геаграфіі віцебскай гімназіі №2 Сяргей Мікалаевіч Крывенка, дырэктар і настаўніца беларускай мовы наваполацкай гімназіі №2 Таццяна Фаілаўна Лубінская і многія іншыя. Словы падзякі Уладзімір Церанцьеў адрасаваў кіраўнікам віцебскіх гімназій №2, якая па выніках 2014 года занесена на рэспубліканскую Дошку гонару, №№1, 3 і 8, Браслаўскай гімназіі, Лужкаўскай СШ Шаркаўшчынскага раёна, Наўкінскай СШ Віцебскага, Бараўскай СШ Лепельскага, Чапукоўскай СШ Мёрскага, Арэхаўскай СШ Ушацкага, Обальскай СШ Шумілінскага раёна і інш. Годна ацэнена садзейнічанне віцебскіх дзяржуніверсітэта ім. П. Машэрава, медуніверсітэта і ветэрынарнай акадэміі, Полацкага дзяржуніверсітэта ў падрыхтоўцы навучэнцаў да алімпіяды, развіцці іх даследчай, творчай і праектнай дзейнасці, а таксама праца спецыялістаў абласнога інстытута развіцця адукацыі па распаўсюджванні эфектыўнага педагагічнага вопыту на рэспубліканскім і міжнародным узроўні, метадычнай падтрымцы конкурсаў прафмайстэрства.

Вучням алімпіяда дазваляе вызначыцца з выбарам жыццёвага шляху, пераможцам адкрывае дзверы запаветных ВНУ, педагогі атрымліваюць бясспрэчныя доказы свайго высокага прафесіяналізму. А бацькі, якія здолелі выхаваць разумнікаў і разумніц, выпрабоўваюць законны гонар за іх поспехі.

У урачыстай цырымоніі прынялі ўдзел намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Міхаіл Волкаў, старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Аляксандр Цецоха.

Галіна Шпакоўская. Фота Дзмітрыя Восіпава. «Віцебскія весці».