Больш за 80% маладых людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў Беларусі працаўладкоўваюцца - А.Радзькоў

26 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за 80% маладых людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў Беларусі працаўладкоўваюцца. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў міністр адукацыі Беларусі Аляксандр Радзькоў перад пачаткам выязной калегіі ў Віцебску, прысвечанай пытанням навучання і працаўладкавання асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Паводле яго слоў, 80% - гэта сярэдні паказчык па працаўладкаванні сярод гэтай катэгорыі маладых людзей, якія маюць розны ўзровень адукацыі. "Пры гэтым лепшыя пазіцыі складаюцца ў сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Сярод маладых людзей, якія атрымалі спецыяльнасці ў ПТВ, працаўладкоўваюцца 87% выпускнікоў", - сказаў міністр. На яго думку, гэта абумоўлена добра адладжваным механізмам узаемадзеяння кіраўнікоў гэтых навучальных устаноў з прадпрыемствамі і арганізацыямі. Крыху адстаюць сістэма спецыяльнай адукацыі і ВНУ. Аляксандр Радзькоў падкрэсліў, што клопат аб дзецях, якія маюць асаблівасці развіцця, у Беларусі з'яўляецца адной з найважнейшых задач грамадства і дзяржавы. "Пры гэтым важна не толькі іх навучыць, але і даць магчымасць уладкавацца ў жыцці. У сувязі з гэтым характэрны вопыт сістэмы адукацыі Віцебскай вобласці, якая мае добрыя напрацоўкі па навучанні такіх дзяцей, патронаце над імі, аказанні дапамогі ва ўладкаванні на працу", - адзначыў кіраўнік ведамства.-0-