Больш за 80 навабранцаў у Полацку прынялі прысягу на вернасць беларускаму народу
Напутліваў маладых людзей старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін. Віншуючы навабранцаў з новым этапам у іх жыцці, ён падкрэсліў, што цырымонія праходзіць у знакавым месцы – каля Вечнага агню, у самым старажытным горадзе краіны Полацку, цэнтры беларускай дзяржаўнасці і славянскай культуры. "Прыняцце прысягі не проста фармальнасць, гэта сімвал сённяшняга дня. Вы становіцеся абаронцамі, вы пакляліся перад сваімі таварышамі, роднымі і ўсёй краінай, што будзеце абараняць яе, захоўваць і ахоўваць, што б ні здарылася", – сказаў кіраўнік паўночнага рэгіёну, пажадаўшы хлопцам з годнасцю прайсці перыяд службы.
"Гэты рытуал праходзіць пры баявых сцягах злучэння не проста так – вы прымаеце эстафету мужнасці і славы, герояў і абаронцаў. З прыняццем ваеннай прысягі дзяржава і народ давярае вам сваё сучаснае і будучае", – адзначыў камандзір воінскай часці палкоўнік Аляксандр Аляксеенка.
Сярод больш чым васьмідзесяці хлопцаў, большасць з якіх неўзабаве папоўняць патрульную роту, — радавы Станіслаў Бармінаў. Ён упэўнены: кожны мужчына павінен пазнаёміцца з армейскім побытам і прайсці гэту школу, адказна выконваючы ўсе пастаўленыя камандаваннем задачы. Па словах юнака, яны з баявымі таварышамі ўжо прайшлі добрую падрыхтоўку і гатовыя ўступіць у шэрагі вайскоўцаў 7-й асобнай спецыяльнай міліцэйскай брыгады.
Для бацькоў такія этапы ў жыцці сыноў асабліва хвалюючыя. Наталля Праннік адпраўляе ў войска старэйшага Данілу. Праз пару гадоў аддаць доўг Радзіме трэба будзе і сярэдняму Кірылу, а бацькі і малодшая сястрычка Вікторыя будуць падтрымліваць хлопцаў парадамі на адлегласці. "Перш за ўсё дзеці ў арміі становяцца дарослымі, будуць сталейшымі, разумнейшымі і адназначна дысцыплінаванейшымі. Наш сын - хлопец моцны, у яго ўсё атрымаецца, самае галоўнае, каб хлопцы заставаліся мужчынамі і знайшлі сабе ў арміі верных сяброў. Важна, каб сыны памяталі, што мы ганарымся імі, чакаем іх і вельмі любім", - сказала Наталля Праннік.
Свята завяршылася кранальнай сустрэчай навабранцаў са сваімі роднымі і блізкімі. Маці, бацькі і бабулі распытвалі хлопцаў пра службу, першыя ўражанні, эмацыйна і клапатліва давалі настаўленні. Не абышлася гэтая сустрэча без доўгіх абдымкаў і слёз - за час невялікай разлукі байцам трэба будзе прайсці сур'ёзную армейскую школу.-0-
"БелТА"