Больш за 800 аматараў музычнага фальклору сабраў фестываль «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне»

Более 800 любителей музыкального фольклора собрал фестиваль «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне»
Больш за 800 знаўцаў і прыхільнікаў музычнага фальклору з Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, Літвы, Латвіі і Польшчы прымала Дубровеншчына. У 24-ы раз тут адгучаў Міжнародны фестываль песні і музыкі «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне».

Сёлета ўсе мерапрыемствы насычанай двухдзённай праграмы аб'яднаў сімвал святасці, чысціні і абароны – рушнік. Яго прывезлі з сабой ансамблі, фальклорныя калектывы, аркестры і капэлы з сямі краін свету, каб зшыць адзіна і пранесці па галоўнай вуліцы горада ў знак яднання і дружбы. Карыдорам з дубровенскіх рушнікоў сустракаў гасцей і народны калектыў «Кудзеліца».

– З кожным годам міжнародны форум збірае ўсё больш сяброў, знаходзіць новых прыхільнікаў, адкрывае новыя грані майстэрства і павышае свой прафесійны ўзровень, – падкрэсліў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў. – Ён займае заслужанае месца на творчай карце Віцебшчыны і з'яўляецца візітнай карткай Дубровны. Маштабнасць і ўзровень мерапрыемства сведчаць, што дружба, добрасуседства, культурны дыялог – гэта падмурак развіцця грамадства.

падворкі прадпрыемстваў, сельсаветаў і аграгарадкоў сустракалі гасцей не толькі фірмовымі прысмакамі, але і гульнямі, забавамі, тэатралізаванымі абрадамі нашых продкаў. Упершыню на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы прайшоў абласны конкурс аркестраў народных інструментаў, баянаў і акардэонаў, цымбалаў пад назвай «Спяваем з аркестрам», у якім удзельнічалі 13 калектываў з Віцебшчыны – больш за 350 чалавек.

падворак Дубровенскага льнозавода

– Згуртаваннем сталі дзіцячыя школы мастацтваў, – адзначыў старшыня журы заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Мікалай Пашынскі. – Менавіта на ДШМ сёння трымаецца музычная культура пасёлкаў і невялікіх гарадоў. У конкурсе ацэньваўся дзіцячы і дарослы аркестр як самастойны калектыў плюс яго ўменне акампаніраваць. Прыемна, што ўсе ўдзельнікі паказалі высокі ўзровень майстэрства. Думаю, дадзенае спаборніцтва стане традыцыйным у рамках фестывалю.

Прызнаны найлепшымі і ўдастоены дыпломаў I ступені дзіцячы ўзорны аркестр народных інструментаў Ушацкай ДШМ і народны аркестр народных інструментаў Бешанковіцкага цэнтра культуры.

Свята-конкурс традыцыйнай свістулькі «Салавейка-2017» сабраў майстроў з Беларусі і Расіі, якія адраджаюць забытыя тэхнікі ганчарных школ. Менавіта на Дубровеншчыне жыла і стварала свае непаўторныя гліняныя цацкі-свістулькі Ганна Марачова. Калекцыі яе работ захоўваюцца ў музеях Мінска, Масквы і Санкт-Пецярбурга.

Госця фестывалю з Вязьмы (Расія) Надзея Хісамова – майстар традыцыйнай свістулькі

1-е месца ў конкурсе прысудзілі спецыялісту Дома рамёстваў Дубровны Людміле Чарвінскай, а Гран-пры дастаўся майстру з Сенна Уладзіміру Квашку.

На галоўнай сцэне прадставілі і праект «Посцілка сяброўства» – абярэг фестывалю, пашыты са старонак 40 рэгіёнаў свету. Цяпер яго даўжыня складае 20 м.

Ключавымі падзеямі сталі выступленні калектываў — удзельнікаў фестывалю на 12 сцэнічных пляцоўках у аграгарадках.

Тэатралізаванае шэсце ў другі дзень форуму завяршылася на гарадскім стадыёне, які да позняга вечара быў галоўнай падзейнай арэнай. Тут прайшлі свята рамёстваў «Дняпроўскі кірмаш», гала-канцэрт з цырымоніяй узнагароджання «Чаруеш і яднаеш ты, Дняпро!», народны абрад правадоў гасцей «Пасахі – на лёгкія шляхі» ад фальклорнага калектыву «Кудзеліца», праграма з удзелам вядомых беларускіх артыстаў – студыі «Верасы», Вольгі Плотнікавай і гурта «Правакацыя». У фінале вечара гасцей чакалі феерверк і рэтрадыскатэка.

 Майстар Дубровенскага Дома рамёстваў Святлана Дзямянкова

Традыцыйна пасля святочнай праграмы госці сабраліся на мемарыяльным комплексе «Рыленкі» на мітынг-рэквіем, каб ушанаваць памяць больш за 10 тыс. пахаваных тут байцоў, якія загінулі пры вызваленні раёна ад фашысцкіх захопнікаў.

Як адзначыў старшыня Дубровенскага райвыканкама Алег Лындын, фальклорны форум дапамагае наладжваць культурныя кантакты паміж краінамі, узбагачае нацыянальную культуру і спрыяе фарміраванню пазітыўнага іміджу раёна і вобласці ў цэлым. Творчыя сувязі ствараюць аснову для далейшых дзелавых сустрэч.

Вольга ЛЕБЕДЗЕВА, фота аўтара. "Віцебскія весці".