Больш за 800 прадпрыемстваў створана ў малых гарадах Віцебскай вобласці за 3 гады

17 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. У малых гарадах Віцебскай вобласці за час рэалізацыі праграмы развіцця малых і сярэдніх гарадоў і пасёлкаў з'явілася больш за 800 новых прадпрыемстваў. Пра гэта паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Да канца 2009 года колькасць прадпрыемстваў у малых гарадах дасягнула 1279. Аб'ёмы вытворчасці прамысловай прадукцыі з 2006 года, калі была прынята праграма, павялічыліся на 34,4%, спажывецкіх тавараў - на 43%. Намінальная заработная плата вырасла да Br858,7 тыс. Колькасць насельніцтва, занятага ў эканоміцы, на канец 2009 года склала 125,7 тыс. чалавек, створана больш за 14 тыс. новых працоўных месцаў. На развіццё малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў за тры гады накіравана Br1,5 трлн. інвестыцый, у тым ліку ў 2009-м - Br643,6 млрд. Уведзена ў эксплуатацыю больш за 277 тыс. кв.м жылой плошчы, з іх 140,9 тыс. - у 2009 годзе. Рэалізаваны шэраг найважнейшых інвестыцыйных праектаў, у тым ліку ў 2009 годзе праведзена рэканструкцыя дрэваапрацоўчай вытворчасці ў ААТ "Аршанскі камбінат будаўнічых матэрыялаў", арганізавана вытворчасць камплектуючых для аўтамабілебудавання на РУП "Лёс", створана вытворчасць фітынгаў у рамках пашырэння вытворчай базы Коханаўскага трубаправоднага завода "Белтрубпласт", завершана рэканструкцыя цэльнамалочнага цэха ААТ "Пастаўскі малочны завод". У цяперашні час вядзецца тэхнічнае пераўзбраенне ААТ "Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат" і будаўніцтва лініі па вытворчасці даламіту для шкляной прамысловасці ў ААТ "Даламіт". Статус малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў у Віцебскай вобласці маюць 40 населеных пунктаў.-0-