Больш за 800 сем'яў у Віцебскай вобласці скарысталіся правам на прызначэнне сямейнага капіталу

Более 800 семей в Витебской области воспользовались правом на назначение семейного капитала

Найбольш актыўна, як адзначаюць у камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама, шматдзетныя сем'і Віцебшчыны пачалі падаваць заявы на атрыманне сямейнага капіталу ў сакавіку – красавіку. У асноўным цікавяцца гэтай магчымасцю жыхары абласнога цэнтра і іншых буйных гарадоў рэгіёна.

Нагадаем, што ўмовы атрымання сямейнага капіталу пазначаны Указам №572 «Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей», падпісаным Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 9 снежня 2014 года. Дакументам прадугледжана аднаразовае прадастаўленне беларускім сем'ям сямейнага капіталу ў памеры 10 тысяч долараў пры нараджэнні (усынаўленні) трэцяга і наступных дзяцей, народжаных з 1 студзеня 2015 года па 31 снежня 2019-га ўключна.
– Звярнуцца можна на працягу 6 месяцаў з дня нараджэння (усынаўлення) трэцяга і наступных дзяцей, а вось распарадзіцца налічанымі безнаяўнымі грашыма бацькі могуць, калі дзіця, з нараджэннем якога сям'я атрымала права на сямейны капітал, дасягне паўналецця, – тлумачыць галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва і стацыянарных устаноў камітэта Галіна Кірылава. – Гэтыя сродкі могуць быць накіраваны на паляпшэнне жыллёвых умоў, атрыманне адукацыі, паслуг у сферы сацыяльнага абслугоўвання, аховы здароўя, фарміраванне назапашвальнай пенсіі маці. Датэрмінова імі можна скарыстацца на атрыманне членамі сям'і платных медыцынскіх паслуг, у парадку і па пераліку, устаноўленых Міністэрствам аховы здароўя. Звяртацца за прызначэннем неабходна ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне гаррайвыканкамаў і адміністрацый Віцебска.

Калі ў некаторых краінах дадзеная практыка дастаткова распаўсюджана, для Беларусі гэта ўсё ж новы досвед, а для насельніцтва – малавывучаны. Прывядзем шэраг пытанняў, найбольш часта якія паступаюць ва ўпраўленне сацыяльнай падтрымкі ад мясцовых жыхароў.

У прыватнасці, людзі цікавяцца, ці належыць матчын капітал, калі на дату нараджэння трэцяга дзіцяці ў сям'і было трое непаўналетніх, а на час звароту старэйшаму споўнілася 18 гадоў? У такім выпадку, тлумачыць Галіна Дзмітрыеўна, турбавацца не варта. Бо пры вызначэнні права на прызначэнне сямейнага капіталу склад сям'і вызначаецца на дату з'яўлення трэцяга і наступных дзяцей. Больш таго, нават калі наступленне паўналецця аднаго дзіцяці супадае з нараджэннем (усынаўленнем, удачарэннем) трэцяга і наступных, бацькі маюць права прэтэндаваць на новую форму дзярждапамогі.

– У складзе сям'і ўлічваюцца дзеці ва ўзросце да 18 гадоў, якія пастаянна пражываюць у Беларусі, у тым ліку ўсыноўленыя (удачароныя), пасыны і пасербы. Акрамя таго, варта разумець, што трэцяе ці наступнае дзіця павінна нарадзіцца не раней 1 студзеня 2015 года. Гэта датычыцца і ўсыноўленых дзяцей, якіх муж і жонка ўзялі да сябе ў сям'ю ў перыяд з пачатку гэтага года да канца 2019-га і тым самым атрымалі права на сямейны капітал, – акцэнтуе ўвагу спецыяліст.

Яшчэ адзін важны крытэр – грамадзянства Рэспублікі Беларусь. І тут таксама ўзнікаюць сітуацыі, якія патрабуюць дадатковага тлумачэння. Так, бацькам важна мець пацвярджэнне свайго грамадзянства. Напрыклад, калі пашпарт заяўніка (у выпадку абмену або атрымання новага) быў выдадзены пасля з'яўлення на свет трэцяга дзіцяці, то неабходна рабіць запыт у аддзел па грамадзянстве і міграцыі аб пацвярджэнні грамадзянства РБ заяўніка менавіта на момант нараджэння малога.

Складней сітуацыя для тых, хто ў свой час прыехаў у Беларусь з іншых краін, але сёння мае пашпарт грамадзяніна РБ і таксама мае права прэтэндаваць на сямейны капітал. Напрыклад, калі на момант нараджэння трэцяга дзіцяці тата і мама мелі від на жыхарства і падалі заяву пасля таго, калі атрымалі беларускае грамадзянства, гэтую прэферэнцыю яны ўсё ж не атрымаюць. Гэта спецыяліст тлумачыць тым, што менавіта ў дзень узнікнення права на прызначэнне сямейнага капіталу (а гэта раўназначна з'яўленню на свет малога) ні адзін з бацькоў не быў грамадзянінам Беларусі.

Хоць сямейны капітал нярэдка называюць матчыным, яго можа аформіць на сябе і мужчына, нават калі ён прыходзіцца бацькам толькі аднаму дзіцяці, а астатнія дзеці ў жонкі ад мінулага шлюбу. Пераход права на сямейны капітал ад жонкі да мужа магчымы, калі жанчына ў сілу пэўных прычын гэтага права не мае. У дадзеным выпадку важны факт, каб кіраўнік сямейства з'яўляўся грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, і былі выкананы ўсе астатнія ўмовы, прапісаныя ўказам.

Склад, катэгорыя (поўная, няпоўная) сям'і, колькасць непаўналетніх, узрост дзяцей, грамадзянства бацькоў і пастаяннае пражыванне ў Беларусі (абодвух ці аднаго з іх) вызначаюцца на дату нараджэння (усынаўлення, удачарэння) трэцяга або наступных дзяцей. У сваю чаргу, пастаяннае пражыванне дзяцей улічваецца на дату звароту заяўнікаў.

***

Вышэйназваным указам зацверджаны яшчэ адзін новы від дапамогі, які ўжо распаўсюджваецца не толькі на шматдзетныя сем'і. Так, маці, знаходзячыся ў адпачынку па доглядзе за дзіцем ва ўзросце да 3 гадоў, апроч дэкрэтных на малога сёння можа атрымаць яшчэ і дапамогу на старэйшых дзяцей, пры ўмове, што яны не дасягнулі 18 гадоў. Памер выплаты вылічваецца 50% ад пражытачнага мінімуму (з 1 жніўня па 31 кастрычніка 2015 г. ён складае 1 569 130 рублёў).

– Рэалізацыя ўказа накіравана на далейшае ўмацаванне інстытута сям'і, узмацненне сацыяльнай абароны бацькоў, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей, нацэлена на тое, каб замацаваць тэндэнцыю павелічэння нараджальнасці, якая намяцілася ў 2014 годзе, – падсумавала Галіна Кірылава.

І, з усяго відаць, гэта дзейнічае. Па меры таго, як дзяржавай шукаюцца дадатковыя меры падтрымкі сем'яў, жанчыны рэгіёна і краіны ў цэлым усё часцей ідуць за другім і наступным дзіцем.

Наталля Рыжкова. Фота Дзмітрыя Осіпава. «Віцебскія весці».