Больш за 800 удзельнікаў сабраліся на "Славянскім падвор'і" у Віцебску
10 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за 800 удзельнікаў сабраліся на "Славянскім падворку" Горада майстроў, які адкрыўся сёння ў рамках фестывалю "Славянскі базар у Віцебску", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Віцебскага гарадскога цэнтра народных рамёстваў і мастацтваў "Задзвінне" Віктар Кібісаў.
Былыя Саляныя склады Віцебска (помнік архітэктуры XVIII стагоддзя) прымаюць народных майстроў другі год запар. Вольна і з выгодай тут размясціліся майстры саломапляцення, керамісты, ткачыхі, рукадзельніцы, ганчары, керамісты, кавалі. У іх шэрагах больш за 200 прадстаўнікоў з розных рэгіёнаў Беларусі, Расіі, Украіны. Сярод іншых удзельнікаў - члены клубаў гістарычнай рэканструкцыі, творчыя калектывы, музыканты, работнікі грамадскага харчавання.
Традыцыйнымі мерапрыемствамі Горада майстроў стануць святы ганчарнага і кавальскага мастацтва. Сёлета да іх далучыцца конкурс "Маляванкі" - роспіснага дывана, які збярэ больш за 40 майстроў. У ходзе конкурсу можна будзе не толькі паназіраць за іх працай, але і пазнаёміцца з арыгіналамі выдатнага прадстаўніка жанру "маляванкі" самабытнага беларускага мастака Язэпа Драздовіча.
Няма сумненняў, што кожны наведвальнік "Славянскага падворка" знойдзе штосьці сабе па душы. Маладую дзяўчыну зачаруе бляск незлічоных упрыгожанняў з паўкаштоўных камянёў, бісеру і іншых матэрыялаў, шматколернасць шаляў і шарфаў. Захавальніц хатняга ачага абавязкова прыцягнуць абярэгі для дома, рознае роспіснае і дэкарыраванае начынне, шматлікія патрэбныя ў гаспадарцы дробязі. Не застануцца абыякавымі і мужчыны: яны па вартасці ацэняць майстэрску выкананую майстрамі драўляную і саломкавую мэблю, кавальскія вырабы і многае іншае. У цэлым жа найбольш яркай характарыстыкай усёй палітры Горада майстроў можа стаць слова "Абалдеть!", якое карэспандэнт БЕЛТА не раз чуў з вуснаў наведвальнікаў падчас свайго знаёмства з кірмашом.-0-