Больш за 8,7 тыс. медработнікаў Віцебскай вобласці атрымалі надбаўкі за працу ва ўмовах пандэміі COVID-19
– Штомесячныя надбаўкі згодна з указам належаць урачам-спецыялістам, сярэднім медыцынскім і іншым работнікам аховы здароўя, якія аказваюць амбулаторную, стацыянарную, эпідэміялагічную, рэанімацыйную, хуткую медыцынскую дапамогу ва ўмовах закрытага трохзменнага рэжыму, а таксама працуюць ва ўмовах, звязаных з інфекцыямі, – тлумачыць начальнік планова-эканамічнага сектара галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Вікторыя Клемпарская. – Аплата налічваецца за фактычна адпрацаваны час. У прыватнасці, пры пастаянным кантакце з заражанымі пацыентамі – за ўвесь адпрацаваны час, уключаючы працу на ўмовах сумяшчальніцтва і звыш устаноўленай працягласці часу. Пры разавым кантакце, уключаючы кансультацыі пацыентаў з інфекцыйнымі захворваннямі, аплата праводзіцца за працоўны дзень (працоўную змену) па табелі. Пералік структурных падраздзяленняў і пасад, якія маюць права на ўсталяванне надбаўкі, вызначаецца ў кожнай арганізацыі спецыяльнай камісіяй.
Таксама спецыяліст звярнула ўвагу, што для налічэння дадатковай выплаты павінны быць адпаведныя пацвярджаючыя дакументы, а менавіта, медыцынская першасная дакументацыя, могуць таксама прымяняцца дакладныя запіскі урачоў-спецыялістаў, загадчыкаў і старэйшых медсясцёр структурных падраздзяленняў, адміністрацыі ўстановы і г.д.
Выплаты медыкам Віцебшчыны па ўказе пачалі ажыццяўляцца ўжо з 5 мая, папярэдне з бухгалтаска-эканамічнымі службамі ўсіх устаноў аховы здароўя праведзены тлумачальны семінар.
Больш за 8,7 тыс. медработнікаў вобласці атрымалі надбаўкі на агульную суму 7,2 млн рублёў.
У выніку сярэднямесячная красавіцкая зарплата урачоў вырасла ў параўнанні з сакавіком на 28% і склала 2 017 руб., сярэдняга медперсаналу – на 29% і павялічылася да 1 190 руб.
Варта адзначыць, што ўказ дазволіў заахвоціць матэрыяльна яшчэ і будучых урачоў і медсясцёр, якія завяршаюць навучанне, але ўжо ўключыліся ў барацьбу з каранавіруснай інфекцыяй. 130 студэнтаў старэйшых курсаў ВДМУ працаўладкаваліся медсёстрамі і дапамагаюць старэйшым калегам у абласной бальніцы, гарадской станцыі хуткай і неадкладнай медыцынскай дапамогі, абласным цэнтры дерматовенералогіі і касметалогіі, Аршанскай цэнтральнай паліклініцы. Шэсць навучэнцаў Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа імя акадэміка І. Антонава ў якасці санітараў нясуць свой вахту ў абласной бальніцы і гарадской службе хуткай дапамогі. Гэтыя працоўныя гадзіны для юнакоў і дзяўчат – магчымасць прайсці школу жыцця, якая ім вельмі спатрэбіцца ў станаўленні ў прафесіі, а таксама зарабіць свае першыя, няхай і нелёгкія, грошы.