Больш за 894 тыс. чалавек уключана ў спісы для галасавання на выбарах у Віцебскай вобласці
19 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці ў спісы для галасавання на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў унесена больш за 894 тыс. чалавек, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня абласной выбарчай камісіі Уладзімір Мядзялец.
Выбарчыя ўчасткі цалкам гатовыя да правядзення выбараў. Участковыя камісіі забяспечаны тэлефоннай сувяззю, удакладнены спісы выбаршчыкаў, аформлены стэнды з інфармацыяй аб кандыдатах у дэпутаты. Сёння, напярэдадні пачатку датэрміновага галасавання, на ўчасткі завезены выбарчыя бюлетэні, памяшканні ўзяты пад кругласутачную ахову праваахоўнымі органамі. Жыхары вобласці змогуць рэалізаваць сваё выбарчае права на 923 участках для галасавання, у тым ліку 876 участкаў гатовыя прыняць выбаршчыкаў для датэрміновага галасавання. Прагаласаваць датэрмінова можна 20-24 красавіка з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00. Штодня участковыя камісіі будуць размяшчаць інфармацыю аб ходзе датэрміновага галасавання на стэндах.
Перадвыбарная кампанія ў вобласці праходзіць спакойна і ў адпаведнасці з выбарчым кодэксам. Зарэгістравана звыш 3,7 тыс. кандыдатаў у дэпутаты. За перыяд агітацыйнай кампаніі 18 кандыдатаў знялі свае кандыдатуры, 12 з іх балатаваліся ў абласны Савет дэпутатаў. Кандыдаты праводзяць сустрэчы з выбаршчыкамі, у тым ліку масавыя мерапрыемствы, арганізаваныя ў апавяшчальным парадку ў вызначаных для гэтага месцах.
У Віцебскай вобласці трэба будзе выбраць 3530 дэпутатаў, у тым ліку 60 - аблсавета, 713 - раённых, 195 - гарсаветаў гарадоў абласнога і раённага падпарадкавання, а таксама 2562 - саветаў першаснага ўзроўню (сельскіх і пасялковых). -0-