Больш за 90 сельскагаспадарчых арганізацый будуць правераны ў Віцебскай вобласці за час месячніка бяспекі

14 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за 90 гаспадарак Віцебскай вобласці плануюць праверыць дзяржінспектары працы за час правядзення рэспубліканскага месячніка бяспекі ў сельскай гаспадарцы, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА першы намеснік начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення дэпартамента дзяржінспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Сяргей Ануфрыеў.

Рэспубліканскі месячнік пройдзе з 18 ліпеня па 18 жніўня. Нагодай для яго правядзення сталі парушэнні ўстаноўленых патрабаванняў заканадаўства аб ахове працы ў сельгасарганізацыях, адсутнасць з боку іх кіраўніцтва належнага кантролю за выкананнем патрабаванняў Дырэктывы №1 "Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны".

Сітуацыя, якая склалася, шмат у чым спрыяла росту траўматызму ў галіне АПК. Так, толькі за першае паўгоддзе на прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці загінулі восем работнікаў, цяжкія траўмы атрымалі 26 чалавек, што адпаведна ў 4 і 2,6 раза больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Усяго ж за шэсць месяцаў гэтага года ў вобласці ўзровень цяжкага траўматызму вырас у параўнанні з студзенем-ліпенем 2010-га на 42% да 51 выпадку, гібелі - на 45% да 15 выпадкаў.

Сяргей Ануфрыеў адзначыў, што прычыны няшчасных выпадкаў у сельскагаспадарчых арганізацыях на працягу шэрагу гадоў не змяняюцца. Так, большасць іх звязана з невыкананнем кіраўнікамі і спецыялістамі абавязкаў па ахове працы, парушэннем пацярпелымі працоўнай і вытворчай дысцыпліны, алкагольным ап'янэннем.-0-