Больш за 900 прадпрыемстваў Віцебскай вобласці ў 2011-2015 гадах укараняць сістэму кіравання аховай працы

5 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за 900 прадпрыемстваў і арганізацый Віцебскай вобласці ў 2011-2015 гадах унядряць сістэму кіравання аховай працы на аснове дзяржстандарта Беларусі СТБ 18001-2009. Гэта заданне з'яўляецца адным з асноўных мерапрыемстваў праграмы па паляпшэнні ўмоў і аховы працы Віцебскай вобласці на наступнае пяцігоддзе. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА першы намеснік начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення дэпартамента дзяржінспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Сяргей Ануфрыеў. У тым ліку ў 2011 годзе сістэму кіравання аховай працы трэба будзе ўкараніць на 345 прадпрыемствах, у 2012-м – на 201, 2013-м – на 163, 2014-м – на 110, 2015-м - на 122. А летась гэту сістэму ўкаранілі 87 прыватных і камунальных прадпрыемстваў вобласці, сертыфікавалі - 21. Акрамя таго, на працягу пяці бліжэйшых гадоў у арганізацыях рэгіёна плануецца стварыць і пераабсталяваць 335 кабінетаў і каля 1,7 тыс. куткоў па ахове працы, палепшыць умовы працы на 8,5 тыс. працоўных месцаў з перавышэннем дапушчальнага ўзроўню вытворчага шуму, вібрацыі, запыленасці, загазаванасці, асветленасці. У тым ліку ў 2011 годзе - 2,3 тыс. Значная роля ў праграме адводзіцца мерапрыемствам па ўдасканаленні галіновых і тэрытарыяльных сістэм кіравання аховай працы, забеспячэнні эфектыўнага ўзаемадзеяння мясцовых органаў улады і прафсаюзаў, стварэнні вучэбна-трэніровачных палігонаў для адпрацоўкі практычных навыкаў работы ў калодзежах і траншэях, арганізацыі навучання работнікаў па пытаннях аховы працы. Рэалізацыя праграмы дазволіць знізіць на 5% вытворчы траўматызм і прафесійную захворвальнасць, на 8% - колькасць людзей, якія працуюць ва ўмовах шкоднай або небяспечнай працы. Неабходнасць распрацоўкі праграмы абумоўлена станам умоў і аховы працы ў арганізацыях вобласці. Так, штогод пры няшчасных выпадках на вытворчасці атрымліваюць траўмы каля 280 чалавек, у тым ліку больш за 20 гінуць. Парушэнні патрабаванняў па ахове працы носяць распаўсюджаны характар. Па аператыўных даных па стане на 31 снежня, у 2010 годзе ў арганізацыях рэгіёна загінулі 25 работнікаў і 89 чалавек цяжка траўмаваны, што адпаведна на 31,6% і 14,1% больш у параўнанні з 2009-м. У арганізацыях камунальнай формы ўласнасці ўзровень цяжкага траўматызму вырас на 6 выпадкаў да 29, сярод суб'ектаў малога бізнесу - адпаведна на 6 да 11. Асноўная колькасць няшчасных выпадкаў абумоўлена нізкай вытворчай і выканаўчай дысцыплінай. Пры гэтым найбольш складаная абстаноўка складаецца ў арганізацыях аграпрамысловага комплексу, будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, недзяржаўнага сектара эканомікі і вытворчай сферы. -0-