Больш за 900 расейскіх турыстаў правялі навагоднія і калядныя святы ў Віцебску

Более 900 российских туристов провели новогодние и рождественские праздники в Витебске
Больш за 900 турыстаў з Расіі падчас навагодніх і калядных святаў выбралі для адпачынку Віцебск.

Як распавяла кіраўнік аддзела ўязднога турызму турыстычнай фірмы «Ілва» Алена Падбярэзная, найбольшая колькасць гасцей была з Масквы і Санкт-Пецярбурга, але таксама прыязджалі на Віцебшчыну групы з іншых гарадоў, у прыватнасці, з Ніжняга Ноўгарада, Екацярынбурга, Пермі.

Традыцыйна ў маршруты ўваходзілі славутасці абласнога цэнтра, наведванне музеяў Марка Шагала, мастацкага, краязнаўчага, сядзібы Ільі Рэпіна, дзе для турыстаў была распрацавана цікавая анімацыйная праграма, якая дазваляе пазнаёміцца з беларускім фальклорам і традыцыямі народных святаў. Каб узнавіць карціну мінулых гадоў, калі ў «Здраўнёва» жыў мастак, супрацоўнікі музея ўпрыгожылі елку цацкамі канца XIX стагоддзя.

У праграму знаходжання ўваходзіла таксама паездка ў старажытны Полацк, дзе гасцей сустракалі ў гісторыка-культурным запаведніку. У Полацкім дзяржуніверсітэце яны змаглі даведацца пра адну з найстарэйшых навучальных устаноў Еўропы – езуіцкі калегіум, убачыць «Механічную галаву» і іншыя цудоўныя вынаходкі вядомага вучонага Габрыэля Грубера, які працаваў тут у канцы XVIII стагоддзя.

– Некаторыя турысты аддаюць перавагу сустракаць Новы год у віцебскіх рэстаранах і добра адгукаюцца і пра беларускую кухню, і пра святочную праграму. Сёлета ў параўнанні з мінулым колькасць такіх жадаючых узрасла ў чатыры разы, – адзначае Алена Генадзьеўна і дадае, што колькасць гасцей можна было б павялічыць, але, на жаль, паток прыезджых стрымліваюць магчымасці гасцініц Віцебска.

«Ілва» з’яўляецца лідарам сярод турфірм, якія займаюцца ўязным турызмам, менавіта ў гэтай намінацыі летась стала пераможцам рэспубліканскага конкурсу. Акрамя таго, прызнана лепшым у краіне прадпрымальнікам у сферы турыстычных паслуг. Цяпер, як распавяла Алена Падбяспечная, робіцца стаўка на прыцягненне турыстаў з далёкіх рэгіёнаў Расіі. У прыватнасці, дырэктар фірмы Ларыса Пятроўская плануе ў найбліжэйшы час адправіцца на воркшоп у Сібір і на Урал.

"Віцебскія весці".