Больш за 900 суб'ектаў гаспадарання Віцебскай вобласці ажыццяўляюць экспарт
1 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Больш за 900 суб'ектаў гаспадарання Віцебскай вобласці ажыццяўляюць экспарт. За мяжой запатрабавана звыш 1,5 тыс. найменняў прадукцыі віцебскіх вытворцаў. Такія даныя прывёў на прэс-канферэнцыі старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Тэмп росту экспарту па выніках 10 месяцаў перавысіў 136% да аналагічнага перыяду 2009 года. Запатрабаванымі за мяжой застаюцца хімічныя валокны, шклавалакно, ільняныя тканіны, тэлевізары, станкі, абутак, трыкатажныя, швейныя, кандытарскія вырабы, мяса-малочная прадукцыя, ветэрынарныя прэпараты. Для іх прасоўвання прадпрыемствы-вытворцы праводзяць прадуманую маркетынгавую палітыку. Толькі ў бягучым годзе ў рэгіёнах Расійскай Федэрацыі з удзелам віцебскіх суб'ектаў гаспадарання адбылося больш за 80 выязных кірмашовых мерапрыемстваў, якія нязменна карысталіся папулярнасцю ў расійскіх пакупнікоў.
У цяперашні час вобласць ажыццяўляе знешнеэканамічныя сувязі са 112 краінамі свету, тавары пастаўляюцца на рынкі больш чым 70 дзяржаў. Асноўныя гандлёвыя партнёры - Расія, Казахстан, Кітай, Германія, Украіна, Нідэрланды, Эстонія, Латвія, Польшча. У сярэднім доля экспарту ў аб'ёме вытворчасці прамысловай прадукцыі і спажывецкіх тавараў складае каля 55%.
За пяцігодку істотна павялічыліся аб'ёмы паставак прадукцыі ў Індыю, Лівію, Кітай, Аргенціну, Іран, Мексіку і Сінгапур, адкрыты гандлёвыя каналы з Афганістанам, Бангладэш, В'етнамам, Венесуэлай, Кувейтам, Намібіяй, Новай Зеландыяй, Нігерыяй, Манголіяй, Сербіяй, Саудаўскай Аравіяй, Пакістанам. Разам з экспартам тавараў актыўна развіваецца экспарт паслуг, у прыватнасці турыстычных, будаўнічых, інфармацыйных, медыцынскіх, адукацыйных.
У наступнай пяцігодцы перад вобласцю пастаўлена задача павялічыць колькасць знешнегандлёвых партнёраў і ажыццяўляць знешнегандлёвую дзейнасць не менш чым са 130 краінамі. Да канца 2015 года экспарт тавараў павінен скласці $1,5 млрд., імпарт - $1,2 млрд.-0-