Больш за 95% школ Віцебскай вобласці гатовыя да новага навучальнага года

Больш за 95% устаноў адукацыі Віцебскай вобласці гатовыя да новага навучальнага года. Пра гэта паведаміў журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома.

"У вобласці засталіся 10 школ, якія знаходзіліся на капітальным рамонце і дзе яшчэ праводзяцца апошнія работы па навядзенні парадку. Але да 25 жніўня гэтыя ўстановы адукацыі атрымаюць пашпарты гатоўнасці", - сказаў Дзмітрый Хома.

На развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы школ Віцебскай вобласці сёлета ўжо накіравана больш за Br30 млн, у 2017 годзе было выдзелена каля Br22 млн. Праведзены капітальныя рамонты, набыта навучальнае абсталяванне, мэбля, спартыўны інвентар. За два гады парк школьных аўтобусаў абнавіўся на 78 транспартных сродкаў, што склала 31% агульнай колькасці машын. Да 2021 года ў раёнах вобласці плануецца стварыць школы будучыні, якія стануць своеасаблівым рэсурсным цэнтрам для прасоўвання інавацый у адукацыі на тэрыторыі раёна і горада. У іх будуць сканцэнтраваны перадавыя тэхналогіі, сучаснае абсталяванне і моцныя педагогі. "Стварэнне школ будучыні - гэта не піяр-ход, а крок да паляпшэння адукацыі. У гэтым за адзін год мы пераканаліся на прыкладзе школы ў Дубровне", - дадаў прадстаўнік аблвыканкама.

Па словах Дзмітрыя Хомы, праца па аптымізацыі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў рэгіёне практычна завершана, што дало свае вынікі і дазволіла зэканоміць сродкі. У будучыні могуць быць зроблены толькі кропкавыя змены.

"У бягучым годзе ў вобласці будзе функцыянаваць больш за 300 устаноў адукацыі, у тым ліку 23 гімназіі і 2 кадэцкія вучэльні. Талачынская гімназія і віцебская гімназія №6 рэарганізаваны ў сярэднія школы. Усяго больш за 110 тыс. дзяцей 1 верасня ўвойдуць у школьныя кабінеты", - паведаміў Дзмітрый Хома.

Акрамя таго, у новым навучальным годзе пачнуць працаваць 450 маладых педагогаў. Заматываваць іх застацца на першым працоўным месцы - галоўная задача і кіраўніцтва ўстаноў адукацыі, і прадстаўнікоў мясцовай улады. Сёння ў Віцебску прайшла абласная канферэнцыя работнікаў адукацыі і навукі. Яна сабрала больш за 1 тыс. педагогаў і гасцей мерапрыемства. У

у цэнтры ўвагі ўдзельнікаў былі вынікі падрыхтоўкі навучальных устаноў да новага сезону, вынікі мінулага навучальнага года, а таксама задачы ў працы на будучае.

БЕЛТА.