Віцебская вобласць плануе зарабіць больш за Br1 млн падчас рэспубліканскага суботніка
Да рэспубліканскай акцыі далучацца амаль 300 тыс. жыхароў вобласці. Калектывы будуць працаваць на сваіх працоўных месцах, а таксама зоймуцца добраўпарадкаваннем тэрыторый і аб'ектаў населеных пунктаў, гісторыка-культурных каштоўнасцей. У парадак пасля зімы прывядуць мемарыяльныя комплексы, месцы баявой і воінскай славы, пахаванні воінаў і партызан часоў Вялікай Айчыннай вайны. Напрыклад, у Дубровенскім раёне працоўная акцыя пройдзе ля мемарыяльнага комплексу "Рыленкі", ва Ушацкім - ля "Прарыву", у Докшыцкім - ля "Шунеўкі". Працоўны дэсант Віцебскай вобласці будзе працаваць і на прылеглых тэрыторыях дзіцячых аздараўленчых лагераў.
У Наваполацку асноўныя сілы накіруюць на навядзенне парадку ў пойме Заходняй Дзвіны. Дэпутацкі корпус горада сумесна з прадстаўнікамі БРСМ будзе працаваць у раёне возера Люхава. У Полацку галоўнымі пляцоўкамі суботніка стануць Курган Бессмяротнасці, куды адправяцца студэнцкія атрады, і абодва берагі Заходняй Дзвіны. Плануецца таксама высадка дрэў у рамках акцыі "Дрэва героя".
Асаблівую ўвагу нададуць азеляненню вуліц, сквераў і не толькі. Жыхары Оршы высадзяць ліпы і клёны ў парку сямейных дрэў, зоймуцца добраўпарадкаваннем аб'ектаў і тэрыторый населеных пунктаў, лесапаласы каля жылога масіва. Адной са значных пляцовак стане воінскае пахаванне па вул.Пралетарскай, дзе пахавана каля 30 тыс. чалавек. Таксама ў Балбасаўскім лясніцтве Аршанскага раёна запланавана пасадка лесу.
Усе заробленыя сродкі вобласць накіруе на капрамонт з мадэрнізацыяй і элементамі рэстаўрацыі мемарыяльнага комплексу "Хатынь". Рэспубліканскі суботник, прымеркаваны да Года гістарычнай памяці, намечаны на 16 красавіка.