Больш Br1 млрд. накіравана сем'ям, якія маюць патрэбу, Віцебскай вобласці на падрыхтоўку дзяцей да школы
22 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за Br1 млрд. накіравана ў Віцебскай вобласці за ліпень-жнівень на аказанне дапамогі да новага навучальнага года малазабяспечаным і шматдзетным сем'ям, якія маюць дзяцей школьнага ўзросту. Такію падтрымку атрымалі звыш 1,5 тыс. сем'яў рэгіёна, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок.
Усяго напярэдадні новага навучальнага года за два апошнія летнія месяцы абследавана больш за 23 тыс. сем'яў. Агульны аб'ём сродкаў, які да 10 верасня плануецца вылучыць сем'ям, што маюць патрэбу, на падрыхтоўку дзяцей да школы, складзе каля Br5 млрд. Гэта бюджэтныя сродкі, а таксама дапамога спонсараў - прадпрыемстваў, гаспадарак, камерцыйных структур, адзначыў Іван Шчурок. У мінулым годзе сродкі, накіраваныя на гэтыя мэты, склалі Br2,5 млрд.
Для зніжэння фінансавай нагрузкі пры "зборы партфеля" шэраг акцый праводзяць для бацькоў школьнікаў гандлёвыя прадпрыемствы рэгіёна, дадаў начальнік упраўлення. Так, гандлёвымі прадпрыемствамі ажыццяўляецца рэалізацыя тавараў школьнага асартыменту з гандлёвай надбаўкай, якая не перавышае 25%. Усім райпо рэкамендавана весці продаж дадзенай прадукцыі ў крэдыт і прадастаўляць растэрміноўку на тэрмін да трох месяцаў. На сваё меркаванне крамы і гандлёвыя дамы арганізуюць дадатковыя акцыі па зніжэнні цэн для маламаёмных і шматдзетных сем'яў. Таксама ў вобласці праводзяцца выставы-продажы і пашыраныя распродажы тавараў для школьнікаў. Усяго з 15 ліпеня па 15 жніўня ў вобласці прайшло больш за 170 выстаў-продажаў і пашыраных продажаў, іх таваразварот склаў Br5,3 млрд.
Мінімальны спажывецкі кошык у гэтым годзе для экіпіроўкі дзяцей малодшага школьнага ўзросту ў Віцебскай вобласці складзе Br1-1,1 млн., старэйшага школьнага ўзросту - Br1,1-1,3 млн.