Больш Br100 млн. накіравана на рэканструкцыю Цэнтральных воінскіх пахаванняў у Ліёзным

2 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за Br100 млн. накіравана на рэканструкцыю Цэнтральных воінскіх пахаванняў у гарадскім пасёлку Лёзна, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела ідэалагічнай работы Лёзненскага райвыканкама Аляксандр Лукашэвіч. У ходзе аднаўлення воінскіх могілак, дзе спачываюць каля 1,4 тыс. салдат Савецкай арміі, былі заменены абеліскі, праведзена добраўпарадкаванне. У Дзень Незалежнасці ўбачыць яго ў абноўленым выглядзе змогуць усе госці і жыхары раёна, хто прыйдзе сюды ўшанаваць памяць загінуўшых герояў. Цалкам завяршыць рэканструкцыю гэтых воінскіх пахаванняў плануецца да 66-годдзя вызвалення Лёзненскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якое раён адзначыць 10 кастрычніка гэтага года. На гэтыя мэты дадаткова плануецца накіраваць Br40 млн. У баях за вызваленне Лёзненскага раёна загінула 27 тыс. чалавек. Імёны многіх салдат захаваліся на 83 воінскіх пахаваннях. Пры гэтым каля вёскі Стасева размешчаны адзіныя ў Беларусі могілкі, дзе спачываюць толькі афіцэры. Штогод ушанаваць памяць герояў-вызваліцеляў прыязджаюць іх саслужаўцы і сваякі з рэспублік былога Савецкага Саюза. Так, на святкаванне 3 ліпеня ў Лёзна ўжо прыбылі ветэраны з Расіі, расказаў суразмоўца.-0-