Больш Br15 млн плануюць накіраваць на падрыхтоўку Дубровны да абласных "Дажынак"

Больш Br15 млн плануецца накіраваць на падрыхтоўку Дубровны да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2017". Аб гэтым паведаміў журналістам намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Белавус, які прыняў удзел у сесіі аблсавета дэпутатаў.

Усяго ў падрыхтоўку горада да "Дажынак" плануецца накіраваць каля Br11,6 млн бюджэтных грошай і парадку Br4 млн сродкаў з іншых крыніц. Уладзімір Белавус адзначыў, што работа вядзецца планамерна. "Паступова пачынаем уводзіць аб'екты ў эксплуатацыю. Ужо завершаны 11 шматкватэрных жылых дамоў, усяго іх запланавана адрамантаваць больш за 30. Літаральна да канца бягучага тыдня будзе ўведзена ў эксплуатацыю абноўленая аўтастанцыя. Цэнтральную гарадскую плошчу плануем цалкам завяршыць да канца жніўня", - сказаў намеснік старшыні аблвыканкама.

Ён падкрэсліў, што плошча ператворыцца да непазнавальнасці - тут з'явіцца дзіцячы парк і новыя фантаны. Значны аб'ём работ будзе выкананы па рамонце і рэканструкцыі сацыяльных аб'ектаў - практычна на 100% абновіцца школа, будуць адрамантаваны дзіцячыя сады, установы аховы здароўя, фізкультуры і спорту.

Алена Ціханава - БЕЛТА.