Больш Br150 млрд. накіравана на добраўпарадкаванне населеных пунктаў Віцебскай вобласці ў I паўгоддзі
14 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці на добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі ў першым паўгоддзі бягучага года накіравана больш за Br150 млрд. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Віцебскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Мерапрыемствы па добраўпарадкаванні праводзіліся ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі. Так, у сельгасарганізацыях наведзены парадак на 288 машынных дварах, 1,3 тыс. жывёлагадоўчых фермах, 416 зернеачышчальных сушыльных комплексах. Работы па паляпшэнні контурнасці палёў і зводцы дрэвава-хмызняковай расліннасці выкананы на 26 тыс.га.
У лясным фондзе вобласці ад смецця ачышчаны 17,6 тыс.км зялёных палос, прылеглых да аўтатрас. Уздоўж дарог добраўпарадкаваны 400 месцаў адпачынку. Пасаджана больш за 30 тыс. дрэў і хмызнякоў. На водных аб'ектах добраўпарадкаваны 213 месцаў адпачынку. У населеных пунктах створана больш за 90 га газонаў, 114 дэкаратыўных кампазіцый. Для іх упрыгожвання запатрабавалася каля 4 млн. кветак. Акрамя таго, у першым паўгоддзі ў Віцебскай вобласці добраўпарадкаваны 89 паркаў, бульвараў і сквераў, з'явіўся 21 эталонны аб'ект.
Ход выканання праграмы па добраўпарадкаванні населеных пунктаў і навядзенні парадку на зямлі на 2010 год будзе абмяркоўвацца 15 ліпеня на пасяджэнні абласной калегіі, адзначылі ў камітэце.
У мерапрыемстве прымуць удзел міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Уладзімір Цалко, начальнікі гарадскіх і раённых інспекцый прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віцебскай вобласці, прадстаўнікі абласных структур: камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні, упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі, землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службы, абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.