Больш Br170 млрд. накіравана ў Віцебскай вобласці за чатыры гады на ўмацаванне матэрыяльнай базы аховы здароўя
27 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы лячэбна-прафілактычных устаноў за апошнія чатыры гады накіравана больш за Br170 млрд, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама.
Значныя сродкі былі выдзелены на патрэбы сельскай аховы здароўя. У ходзе добраўпарадкавання аграгарадкоў адрамантаваны, дааснашчаны медыцынскім абсталяваннем і санітарным аўтатранспартам 68 амбулаторый, 16 участковых бальніц, 6 бальніц сястрынскага догляду, 108 фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Як лічаць у аблздраве, гэта дазволіла павысіць даступнасць медыцынскай дапамогі, у тым ліку спецыялізаванай, сельскаму насельніцтву.
Уведзены ў эксплуатацыю цалкам мадэрнізаваныя і перааснашчаныя аперацыйныя залы і рэанімацыйна-анестэзіялагічныя аддзяленні ўсіх цэнтральных раённых бальніц вобласці. Капітальна адрамантавана Гарадоцкая цэнтральная раённая бальніца, радзільныя дамы ў Віцебску, Оршы і Наваполацку. У Віцебскай дзіцячай абласной бальніцы мадэрнізаваны будынак аперацыйнага блока на шэсць аперацыйных і аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі. У абласной клінічнай бальніцы праведзены капрамонты афтальмалагічнага, кардыялагічнага, пульманалагічнага аддзяленняў.
Паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы практычна ўсіх лячэбна-прафілактычных устаноў вобласці, перааснашчэнне лячэбна-дыягнастычным абсталяваннем дазволілі палепшыць якасць медыцынскай дапамогі і спрыялі росту аб'ёму аказання платных паслуг насельніцтву. Калі ў 2007 годзе было аказана паслуг на Br18,6 млрд, то ў 2008 - на Br24,3 млрд (тэмп росту 123,5%), у 2009 - больш за Br31 млрд (120,6%), за восем месяцаў бягучага года аказана паслуг на суму Br25,7 млрд (135,9%).-0-