Больш Br20 млрд. накіравана на падрыхтоўку Расонаў да абласных "Дажынак"
2 верасня, Росаны /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Больш за Br20 млрд. накіравана на падрыхтоўку Росанаў да абласнога свята працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2010", паведаміў сёння старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец на гэтым мерапрыемстве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па словах губернатара, Віцебшчына ўпершыню арганізуе шырокія ўрачыстасці, прысвечаныя ўшанаванню перадавікоў сельскай гаспадаркі, і праводзіць іх у адным з сельскіх раёнаў. Асноўная задача свята складаецца ў тым, каб не толькі выказаць словы падзякі лепшым работнікам галіны, але і забяспечыць далейшае развіццё райцэнтраў, павысіць якасць жыцця сельскіх жыхароў. Такія мерапрыемствы будуць праводзіцца пастаянна, у прыватнасці, наступнае свята пройдзе ў Браславе, затым сталіцай абласных "Дажынак" будуць па чарзе Гарадок, Лёзна, Ушачы і Сенна.
Да сустрэчы гасцей, якіх у гарадскім пасёлку сабралася больш за тысячу, праведзена маштабнае добраўпарадкаванне і абнаўленне сацыяльнай інфраструктуры. Кіраўнік вобласці прыняў удзел у адкрыцці пасля рэканструкцыі фізкультурна-аздараўленчага комплексу, раённага Дома культуры. Пры наведванні Росанскай сярэдняй школы Аляксандр Косінец падарыў камп'ютарны клас, камплекты спартыўнай формы і інвентара, а абноўленаму Дому культуры перададзены сертыфікат на гукавое і святлавое абсталяванне. Таксама Росанскі раён атрымаў больш за 20 адзінак сельгастэхнікі, якія былі прадстаўлены на выставе.
Больш за 50 прадстаўнікоў раёнаў і сельгас-калектываў былі ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі за перамогу ў абласным спаборніцтве па ўборцы збожжавых, лёну, рапсу.
У гала-канцэрце абласнога свята прымаюць удзел народны артыст Беларусі Мікалай Скорыкаў, заслужаная артыстка Беларусі Іна Афанасьева, ансамбль народнай музыкі "Беседа", творчыя калектывы Віцебска і райцэнтраў вобласці.-0-