Больш Br200 млн. зарабілі жыхары Віцебска на гарадскім суботніку
16 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Больш за Br200 млн., па папярэдніх даных, зарабілі віцябляне на першым сёлета гарадскім суботніку, які прайшоў 14 сакавіка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім гарвыканкаме.
Каля 80 тыс. гараджан працавалі на сваіх працоўных месцах, прымалі ўдзел ва ўборцы гарадскіх вуліц.
Як распавёў начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму гарвыканкама Дзмітрый Скарынкін, усе сродкі пойдуць на будаўніцтва і аснашчэнне лодачнай станцыі і лыжаролернай трасы ў маляўнічай зоне адпачынку на беразе ракі Віцьба. Гэта першыя аб'екты такога роду ў абласным цэнтры. Дагэтуль у горадзе, які перасякаюць тры рэкі, не было ніводнага добраўпарадкаванага прычала і пункта пракату лодак.
Будаўніцтва новых аб'ектаў для масавага адпачынку пачнецца ўжо сёлета. -0-