Больш Br30 млн. ахвяраванняў паступіла на рахунак БМКК у дапамогу насельніцтву Гаіці

3 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Больш за Br30 млн. ахвяраванняў ад жыхароў краіны паступіла на дабрачынны рахунак, адкрыты Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа (БТЧК) у дапамогу пацярпеламу ад землятрусу насельніцтву Гаіці. Пра гэта паведаміў журналістам генеральны сакратар БТЧК Віктар Калбанаў. У Віцебску ён прымае ўдзел у пасяджэнні Прэзідыума абласной арганізацыі БТЧК, перадае карэспандэнт БЕЛТА. БТЧК абвясціла аб зборы ахвяраванняў у сярэдзіне студзеня, і такую суму ўдалося сабраць фактычна за паўмесяца. "Нашы людзі па-ранейшаму спагадліва ставяцца да праблем, якія патрабуюць міласэрнага ўдзелу", - падкрэсліў Віктар Калбанаў. Акрамя таго, Прэзідыум Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа ў першыя дні пасля трагедыі выдзеліў 5 тыс. швейцарскіх франкаў (каля Br14 млн.) пацярпеламу насельніцтву Гаіці ў сувязі з надзвычайнай сітуацыяй і беспрэцэдэнтнай гуманітарнай катастрофай, якая развіваецца. Сродкі пералічваюцца БТЧК у Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа і Міжнародную федэрацыю таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, якія каардынуюць усю працу Міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца і аказваюць экстранную дапамогу насельніцтву ў эпіцэнтры землятрусу. БТЧК працягвае збор грашовых ахвяраванняў ад насельніцтва, арганізацый і прадпрыемстваў рэспублікі ўсіх форм уласнасці. Сродкі можна пералічыць на разліковы рахунак БТЧК 3015200990017 у філіяле МГД ААТ "Белінвестбанк", г. Мінск, код 764, УНП 100265026, з паметкай "Дапамога Гаіці".-0-