Больш Br460 млрд. прыцягнута ў 2009 годзе ў эканоміку малых і сярэдніх гарадоў Віцебскай вобласці

2 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У эканоміку малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў Віцебскай вобласці прыцягнута ў 2009 годзе больш за Br460 млрд. інвестыцый. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім аблвыканкаме. Выкананне праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця гэтых населеных пунктаў знаходзілася ў 2009 годзе на асаблівым кантролі ў мясцовых органаў улады. Дзякуючы значным інвестыцыям, эфектыўнай працы за мінулы год тут удалося рэалізаваць 141 інвестпраект, забяспечыць заданні па росце заработнай платы, стварэнні працоўных месцаў, зніжэнні ўзроўню беспрацоўя, вытворчасці спажывецкіх тавараў, колькасці занятых у эканоміцы, ліку малых прадпрыемстваў. Так, у ТАА ”Лепельскі тэкстыль“ пачаўся выпуск тэхнічных тканін, у гарадскім пасёлку Сураж мясцовы лесгас арганізаваў вытворчасць нарыхтовак для вырабу еўрападдонаў, вытворчасць чаранкоў для лапат. У Яновічах прыватнае прадпрыемства ”ЭкаПаліТэк“ адкрыла вытворчасць па перапрацоўцы полістыролу і пластмасы, у Дубровне ААТ "АнтэнеяПрайм“ наладзіла вытворчасць швейных вырабаў, а ў Браславе СААТА ”АкваДзін“ - выпуск дахавых матэрыялаў, ППТУП ”Форест-Экспрэс“ - піламатэрыялаў. І на ўсіх гэтых вытворчасцях створаны новыя працоўныя месцы. У 2010 годзе ў малых гарадскіх паселішчах вобласці трэба павялічыць аб'ём вытворчасці прадукцыі прамысловасці на 9% да ўзроўню 2009 года, спажывецкіх тавараў - на 8%. Акрамя таго, пастаўлена задача стварыць больш за 3 тыс. працоўных месцаў, давесці колькасць малых прадпрыемстваў да 1360, у тым ліку зноў створаных - да 153.-0-