Больш Br60 млрд. плануецца накіраваць у Віцебскай вобласці ў 2010 годзе на развіццё спартыўнай інфраструктуры

15 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Больш за Br60 млрд. плануецца накіраваць у 2010 годзе на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы спартыўнай галіны Віцебскай вобласці. Аб гэтым паведаміў начальнік упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама Міхаіл Партной на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню работнікаў фізічнай культуры і спорту, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па словах Міхаіла Партнога, у рэгіёне паслядоўна мадэрнізуецца і развіваецца сетка спартыўных устаноў. У Глыбокім вядзецца рэканструкцыя гарадскога стадыёна, у Паставах завяршаецца капітальны рамонт з мадэрнізацыяй фізкультурна-аздараўленчага комплексу. У 2009 годзе пачалося будаўніцтва веславога цэнтра ў Полацку, лядовага палаца ў Оршы, коннага манежа Цэнтра па конным спорце ў горадзе Барань. У Віцебску вядзецца работа па падрыхтоўцы да будаўніцтва крытага футбольнага манежа на 2,5 тыс. гледачоў. Шэраг аб'ектаў адкрыты ў мінулым годзе, у тым ліку спорткомплекс Лужаснянскай школы-інтэрната-гімназіі, фізкультурна-аздараўленчы комплекс у Мёрах. Усяго ў 2009 годзе на ўмацаванне спартыўнай інфраструктуры вобласці накіравана каля Br26,5 млрд. Сетка спартыўных устаноў вобласці ўключае 22 фізкультурна-спартыўныя клубы, 5 фізкультурна-аздараўленчых цэнтраў. У вобласці дзейнічаюць больш за 60 дзіцяча-юнацкіх спортшкол, два вучылішчы алімпійскага рэзерву, абласная школа вышэйшага спартыўнага майстэрства, у якіх праходзяць падрыхтоўку больш за 22 тыс. чалавек. У спартыўнай галіне Віцебшчыны працуюць больш за 3 тыс. спецыялістаў, у тым ліку 675 трэнераў-выкладчыкаў. Званне "Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь" маюць 24 трэнеры. Акрамя таго, у 2010 годзе створана абласная грамадская арганізацыя ветэранаў спорту, якая аб'ядноўвае каля 350 чалавек. Гэтыя людзі ўносяць неацэнны ўклад у прапаганду здаровага ладу жыцця, прыцягненне моладзі да заняткаў спортам і выхаванне падрастаючага пакалення ў духу патрыятызму, падкрэсліў Міхаіл Партной. У 2009 годзе на чэмпіянатах і першынствах свету і Еўропы спартсмены вобласці заваявалі 106 медалёў, з якіх 35 залатых і 38 сярэбраных узнагарод. Сёння адбылося ўшанаванне ветэранаў спорту Віцебшчыны, трэнераў і лепшых работнікаў фізічнай культуры і спорту, ім уручаны памятныя прызы і падарункі.-0-