Больш Br6,6 млрд. накіравана на рамонт агульнаадукацыйных устаноў Віцебска ў 2009 годзе
21 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Больш за Br6,6 млрд. накіравана на правядзенне бягучага і капітальнага рамонту агульнаадукацыйных устаноў Віцебска ў 2009 годзе, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела адукацыі гарвыканкама Уладзімір Шлома.
Звыш паловы з гэтых сродкаў выдзелена на капітальны рамонт шасці сярэдніх навучальных устаноў і ясляў-сада. Акрамя таго, у шэрагу ўстаноў адукацыі выкананы бягучы рамонт дахаў, інжынерных камунікацый вытворчых памяшканняў харчаблокаў. Фасады пяці сярэдніх школ упрыгожыла архітэктурная падсветка. Бюджэтныя рэсурсы таксама былі накіраваны на набыццё мэблі, халадзільнага і тэхналагічнага абсталявання для сталовых, забеспячэнне школ вучэбна-метадычным матэрыялам і нагляднымі дапаможнікамі. Адначасова з падрыхтоўкай да новага навучальнага года праводзіліся комплексныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы сістэмы адукацыі да работы ў асенне-зімовы перыяд, дадаў Уладзімір Шлома.
Усе навучальныя ўстановы абласнога цэнтра прайшлі праверку гатоўнасці да новага навучальнага года. Упершыню за школьныя парты сядуць больш за 3 тыс. юных жыхароў Віцебска. З 1 верасня да работы ў школах і гімназіях горада прыступяць 133 маладых спецыяліста-педагога, выкладчыцкія кадры ўкамплектаваны на 100%. У абласным цэнтры гатовыя прыняць вучняў 48 агульнаадукацыйных устаноў.
У Віцебскай вобласці ў 2009 годзе на правядзенне бягучых і капітальных рамонтаў устаноў адукацыі, іх падрыхтоўку да новага навучальнага года было выдзелена каля Br37 млрд. За парты сядуць больш за 10 тыс. першакласнікаў.-0-