Больш Br700 млн. накіруюць у Віцебску на развіццё сацабслугоўвання ветэранаў і інвалідаў
25 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Больш за Br700 млн. будзе накіравана ў Віцебску ў 2011 годзе на развіццё сацыяльнага абслугоўвання ветэранаў вайны, адзінокіх пажылых людзей і інвалідаў. Комплексная праграма развіцця сацыяльнага абслугоўвання прынята ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага гарвыканкама.
Праграма прадугледжвае шырокі пералік мерапрыемстваў, прызначаных вырашыць праблемы ветэранаў і інвалідаў і спрыяць стварэнню эканамічных і сацыяльных умоў для аховы здароўя і задавальнення іх патрэб у сацыяльным абслугоўванні, сацыяльных паслугах, сродках рэабілітацыі і рэабілітацыйных мерапрыемствах.
У прыватнасці, на працягу двух гадоў у горадзе з'явіцца электронная база даных аб мерах сацыяльнай падтрымкі ветэранаў, інвалідаў і пажылых людзей, аб арганізацыях, якія ажыццяўляюць работу з імі. У тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання з'явяцца аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых з гурткамі і клубамі па інтарэсах. Акрамя таго, пры гэтых аддзяленнях прадугледжваецца стварыць і аснасціць неабходным абсталяваннем і расходнымі матэрыяламі рэабілітацыйныя майстэрні для інвалідаў. Тэрытарыяльныя цэнтры ў бягучым годзе будуць уключаны ў пералік арганізацый, якім прадастаўляецца права рэалізацыі вырабаў, вырабленых у гуртках, на мерапрыемствах, што праводзяцца ў абласным цэнтры, без спагнання платы за прадастаўленне гандлёвых плошчаў і набыццё ліцэнзій на гандаль. Такім чынам, будуць створаны ўмовы для атрымання дадатковага даходу пажылымі людзьмі.
Значная ўвага ў праграме нададзена аказанню медыцынскай і сацыяльнай дапамогі. Ва ўсіх паліклініках будуць створаны геранталогічныя кабінеты. Працягнецца практыка штогадовага медыцынскага абследавання здароўя ветэранаў вайны. Бюджэтам праграмы запланавана павелічэнне колькасці сацыяльных работнікаў, паслугі якіх для адзінокіх недзеяздольных старых будуць бясплатныя. Для рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў пры Віцебскім гарадскім спецыялізаваным доме дзіцяці плануецца пабудаваць іпадром.
На працягу бліжэйшых пяці гадоў за кошт усіх крыніц фінансавання будзе адрамантавана амаль 300 кватэр адзінокіх пенсіянераў і ветэранаў, устаноўлена больш за 4 тыс. аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў.
У цяперашні час у Віцебску пражывае каля 70 тыс. пажылых грамадзян - кожны пяты гараджанін. З іх 14,2 тыс. інвалідаў, 6,4 тыс. адзінокіх пажылых грамадзян, 1,5 тыс. ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, 2,3 тыс. ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, 3,5 тыс. асоб, пацярпелых ад наступстваў войнаў. У абласным цэнтры пражывае 14 тыс. інвалідаў, у тым ліку 739 - дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў.-0-