Полацкі малочны камбінат павялічыў экспарт больш чым у два разы ў 2021 годзе

У цэху Полацкага малочнага камбіната. Фота з архіва

Полацкі малочны камбінат летась больш чым у два разы павялічыў аб'ёмы экспарту ў параўнанні з 2020-м.

Летась камбінат перапрацаваў 127 тыс. т сыравіны. На працягу года ўзровень загрузкі магутнасцей рос - з 52,4% у студзені да 105,1% у чэрвені і 102,2% у верасні. У 2021 годзе завод больш за звычайна выпусціў масла, суцэльнамалочных і сухіх малочных прадуктаў.

У 2021 годзе на экспарт было адпраўлена прадукцыі на $29 млн, у 2020 годзе - $12 млн. "Сёння за мяжу накіроўваецца практычна ўвесь наш тавар, аднак найбольшую ўдзельную вагу складаюць сухія малочныя прадукты (63%) і масла (28%). У дадзены момант адгрузкі ідуць у 22 краіны свету. Найбольшыя аб'ёмы пастаўляюцца ў Расію, Казахстан і Кітай. У пачатку кастрычніка мінулага года ўпершыню была адгружана прадукцыя ў ААЭ, цяпер праводзіцца паўторная пастаўка сухога малака ў гэту краіну. У бліжэйшы час таксама плануецца адгрузка сухога малака ў Саудаўскую Аравію і Ліван. У снежні ў спісе экспартных напрамкаў дадаліся Японія, Іарданія, Аман і Емен", - распавялі на прадпрыемстве. Сёлета завод мае намер пераўзысці леташнія паказчыкі.

ААТ "Полацкі малочны камбінат" працуе з 1944 года. Ён адзін з найбуйнейшых вытворцаў малочных прадуктаў (сухога малака, масла, заменніка суцэльнага малака, суцэльнамалочнай прадукцыі, глазураваных сыркоў), на якім перапрацоўваецца каля 15% усяго малака Віцебскай вобласці. У склад камбіната ўваходзіць галоўнае прадпрыемства ў Полацку і сельгасарганізацыя ў Расонскім раёне. За год магутнасці завода дазваляюць перапрацоўваць 155 тыс. т малака. Працуюць тут каля 1,1 тыс. чалавек. Сёння прадпрыемства выпускае больш за 80 найменняў прадукцыі пад брэндам "Сафійка" і "Мі-Шу". Самы вядомы прадукт камбіната - глазураваныя сыркі.

"БЕЛТА"