Больш за два дзясяткі вадаёмаў знаходзяцца пад пагрозай забруджвання гнойнымі сцёкамі гаспадарак Дубровенскага раёна

10 чэрвеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці павялічваецца колькасць сельгаспрадпрыемстваў, якія парушаюць прыродаахоўнае заканадаўства. Такое меркаванне выказала карэспандэнту БЕЛТА старэйшы памочнік пракурора Віцебскай вобласці па наглядзе за выкананнем прыродаахоўнага заканадаўства Валянціна Хадосевіч. Так, у другім квартале 2009 года пракуратурай Віцебскай вобласці была праведзена праверка выканання ў рэгіёне заканадаўства аб забаронах і абмежаваннях гаспадарчай дзейнасці ў водаахоўных зонах і прыбярэжных палосах водных аб'ектаў. Шматлікія парушэнні тады былі выяўлены ў працы 63 жывёлагадоўчых ферм. У мэтах кантролю за іх ліквідацыяй супрацоўнікі пракуратуры яшчэ раз праверылі дзейнасць сельгаспрадпрыемстваў. Вынікі апошняга знаёмства з становішчам спраў аказаліся яшчэ больш непацешнымі: факты бязгаспадарнасці, якая стварае рэальную пагрозу прыродным рэсурсам, былі ўстаноўлены на 134 аб'ектах, размешчаных у Талачынскім, Лепельскім, Віцебскім, Чашніцкім, Докшыцкім, Полацкім, Лёзненскім, Міёрскім, Бешанковіцкім, Сенненскім, Аршанскім, Браслаўскім, Гарадоцкім, Верхнядзвінскім, Пастаўскім і Дубровенскім раёнах. Пры гэтым у апошнім рэгіёне, напрыклад, з-за неабачлівага стаўлення кіраўнікоў гаспадарак да пытання выканання прыродаахоўнага заканадаўства з'явілася сур'ёзная пагроза забруджвання гнойнымі сцёкамі 21 воднага аб'екта, у тым ліку 14 рэк, падкрэсліла Валянціна Хадосевіч. Па выніках праверкі пракуратурай Віцебскай вобласці падрыхтавана 78 актаў пракурорскага рэагавання, у тым ліку 17 прадстаўленняў і 61 прадпісанне. Кантралюючым прыродаахоўным органам накіравана 84 даручэнні аб падрыхтоўцы спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях.-0-