Больш за палову членаў раённых камісій у Віцебскай вобласці вылучаны ад партый і грамадскіх аб'яднанняў
6 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Больш за палову членаў акруговых камісій па выбарах дэпутатаў абласнога Савета 26-га склікання ў Віцебскай вобласці з'яўляюцца членамі палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў. Сёння на сумесным пасяджэнні Прэзідыума аблсавета і абласнога выканаўчага камітэта сфарміраваны ўсе 60 акруговых камісій па выбарах дэпутатаў абласнога Савета 26-га склікання, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У адпаведнасці з Выбарчым кодэксам у склад камісій увайшло ад 11 да 15 чалавек. У ходзе вылучэння прадстаўнікоў было пададзена 784 заявы. Сваім правам скарысталіся грамадзяне шляхам падачы заяў, працоўныя калектывы, палітычныя партыі і грамадскія аб'яднанні. У склад камісій уключана 739 чалавек. З іх 233 вылучаліся грамадзянамі, 126 – працоўнымі калектывамі, 380 – вылучэнцы партый і грамадскіх аб'яднанняў. Сярод членаў камісій прадстаўнікі Беларускай партыі левых сіл "Справядлівы свет", Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Камуністычнай партыі Беларусі, БНФ, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці. У склад камісій таксама ўвайшлі члены "Белай Русі", БРСМ, Беларускага саюза жанчын, ветэранскай арганізацыі, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Пры фарміраванні камісій цалкам улічаны патрабаванні Выбарчага кодэкса аб прадстаўніцтве партый і грамадскіх аб'яднанняў, а таксама дзяржаўных служачых.
Як адзначыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, у акруговых камісіях прадстаўлена ўся грамадска-палітычная структура Віцебскай вобласці і выкананы дэмакратычны прынцып іх фарміравання.
Начальнік упраўлення арганізацыйна-кадравай работы Віцебскага аблвыканкама Іосіф Бакевіч сказаў, што такім чынам падведзена ўмоўная рыса пад першай чвэрцю выбарчай кампаніі і створана аснова для наступнага этапу – вылучэння кандыдатаў у дэпутаты, які пройдзе з 14 лютага па 15 сакавіка.
Раней у Віцебскай вобласці былі створаны 240 тэрытарыяльных выбарчых камісій па выбарах, у тым ліку 1 абласная, 21 раённая, 7 гарадскіх, 12 пасялковых, 199 сельскіх. У іх складзе будуць працаваць 1986 чалавек. -0-