Больш за палову з 583 навабранных педагогаў у Віцебскай вобласці будуць працаваць у сельскіх школах

23 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Сярэднія школы Віцебскай вобласці ў новым навучальным годзе стануць першым месцам працы для 583 маладых педагогаў, з якіх больш за палову паедуць працаваць у сельскую мясцовасць. Аб гэтым паведаміў сёння на абласной педагагічнай канферэнцыі начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Іван Шурок, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Для маладых спецыялістаў важна стварыць усе неабходныя ўмовы, у тым ліку жыллёвыя, каб яны з задавальненнем ішлі на працу, бо першыя прафесійныя крокі запамінаюцца на ўсё жыццё", - адзначыў Іван Шурок. Вырашэнне гэтых пытанняў шмат у чым залежыць ад мясцовых органаў улады і кіраўнікоў педагагічных калектываў. Усяго ў школах вобласці працуюць больш за 14 тыс. педагогаў, з якіх звыш 90% з вышэйшай адукацыяй, а 76,5% настаўнікаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Каля 10% спецыялістаў дасягнулі прадпенсійнага і пенсійнага ўзросту.

Адной з задач у новым навучальным годзе для ўстаноў адукацыі вобласці стане эфектыўная рэалізацыя мерапрыемстваў па інфарматызацыі адукацыйнага працэсу, укараненне ў навучальны працэс электронных сродкаў навучання. Каля 93% устаноў адукацыі і органаў кіравання адукацыйнай сферай падключаны да Інтэрнэту, вядзецца праца па забеспячэнні шырокапалоснага доступу да Сусветнай павуціны. Для ўкаранення інфармацыйных тэхналогій створаны рэгіянальныя рэсурсныя цэнтры, у тым ліку на базе школ і гімназій.

Да пачатку навучальнага года праведзена сур'ёзная праца па арганізацыі гарачага харчавання ва ўстановах адукацыі. Так, у цэлым па вобласці каля 96% навучэнцаў забяспечаны харчаваннем, у тым ліку бясплатнае гарачае харчаванне атрымліваюць звыш 56% дзяцей, а ў сельскай мясцовасці гарачае харчаванне даступна для 100% вучняў. Каля 80% устаноў адукацыі самастойна займаюцца забеспячэннем харчавання школьнікаў.

Для арганізацыі падвозу дзяцей у школы да канца 2011 года плануецца набыць 21 аўтобус для кожнага раёна вобласці. Сёння аўтобусны парк устаноў адукацыі налічвае 151 аўтобус, амаль 100% сельскіх вучняў маюць магчымасць скарыстацца школьным транспартам.-0-