Больш за палову месячнай нормы ападкаў выпала за выхадныя ў Віцебску
3 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за палову месячнай нормы ападкаў выпала на навагоднія святы ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным цэнтры па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя.
Толькі за 1 студзеня ў абласным цэнтры выпала дэкадная норма снегу. Усяго за мінулыя тры дні вышыня снежнага покрыва вышнела на 15 см да 56 см, перавысіўшы ўсе раней існуючыя рэкорды пачатку студзеня. А ў Полацку вышыня снегу дасягнула 57 см. У цэлым па поўначы вобласці яна дасягала 52-57 см, а на поўдні - 33-50 см.
У бліжэйшыя дні ў рэгіёне зноў пройдуць кароткачасовыя снегапады. Тэмпература паветра 4-5 студзеня ноччу складзе мінус 7-12 градусаў ніжэй за нуль, пры праясненні - да мінус 18, днём - мінус 6-11 градусаў. Аслабленне маразоў чакаецца да калядных святаў.
Абільныя снегапады, прынесеныя ў Віцебскую вобласць паўночнаатлантычным цыклонам, прымусілі прыкласці максімальныя намаганні ўсіх зацікаўленых службаў да ачысткі гарадоў ад снегу. Паводле даных упраўлення ЖКГ Віцебскага аблвыканкама, 1 студзеня на ўборцы снегу ў рэгіёне было занята каля 150 адзінак тэхнікі прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, 2 студзеня - каля 400, 3 студзеня плануецца яшчэ больш. Акрамя таго, працуе больш за 200 адзінак прыцягнутай тэхнікі.
У Віцебску за мінулыя выхадныя прадпрыемствам "Гардармост" вывезена больш за 9,5 тыс. куб.м снегу. На працах па расчыстцы вуліц занята каля 350 работнікаў. Дапамогу гораду аказала таксама 103-я гвардзейская асобная мабільная брыгада, накіраваўшы на барацьбу з наступствамі стыхіі 100 чалавек асабовага складу.-0-