Больш за палову міжнародных дагавораў ВДУ імя П.В. Машэрава заключаны з расійскімі ВНУ
2 красавіка 2018 г. у галоўным корпусе ВДУ пройдзе акцыя, прымеркаваная да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі. Кожны ахвотны зможа пакінуць пасланне для студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў ВНУ Расіі, павіншаваць з важнай датай у гісторыі Саюзнай дзяржавы і выказаць меркаванне аб далейшых шляхах фарміравання агульнай сацыяльна-культурнай і духоўнай прасторы.
– З расійскімі калегамі паспяхова супрацоўнічае філалагічны факультэт. На нядаўняй навукова-практычнай канферэнцыі па анамастыцы было вялікае прадстаўніцтва вучоных-філолагаў з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Смаленска, Пскова, Ноўгарада. Аб актыўным узаемадзеянні і якасным узроўні ўзаемаадносін можна меркаваць і па выніках форуму па праблемах хімічнай адукацыі ў сярэдняй і вышэйшай школе, арганізацыю якога курыраваў доктар педагагічных навук прафесар Яўген Аршанскі, – каля 70 удзельнікаў з-за мяжы. На канферэнцыю прыехалі спецыялісты з дастаткова аддаленых ад нас рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі – Уфы, Краснадара, Чалябінска, – расказала першы прарэктар ВДУ Валянціна Багатырова.
Акрамя навуковай сферы супрацоўніцтва віцебскага ўніверсітэта з Расіяй уключае таксама абмен студэнтамі і выкладчыкамі па праграмах акадэмічнай мабільнасці, стажыроўкі, удзел у сумесным семінарах, культурных і сацыяльных праектах. Так, цесныя кантакты ў ВДУ завязаліся з Ноўгарадскім дзяржаўным універсітэтам імя Яраслава Мудрага. З 2009 года партнёры рэалізавалі два праекты: па адукацыйным менеджменце і педагогіцы разнастайнасці. Напрацаваныя сувязі працягваюць развівацца, ВНУ арганізуюць рэгулярныя візіты дэлегацый, у рамках якіх праводзяцца навуковыя, адукацыйныя, спартыўныя і культурныя мерапрыемствы.