Больш за палову агародніны з цяпліц ААТ «Рудакова» ідзе на экспарт
Прадукцыя цяплічнага камбіната ААТ «Рудакова» даўно здабыла сабе славу ў спажыўца і стала сапраўдным брэндам не толькі Віцебскага раёна, але і вобласці ў цэлым.
У вытворчасці тут няма сезоннасці. Дзякуючы ўласнай ЦЭЦ з двума кагенерацыйнымі ўстаноўкамі агародніна вырошчваецца і зімой, і летам. Сёння на камбінаце высокаэканамічныя энергазберагальныя цяпліцы займаюць 18 га. У іх вырошчваюць агуркі, таматы, салат, кроп, пятрушку, базілік, рукколу. За шэсць месяцаў 2014 года на сталы спажыўцоў паступіла 3,8 тыс. т агуркоў, 1,7 тыс. т таматаў, 24 т зеляніны. Выручка склала 86,3 млрд руб. Агародніна з «Рудакова» рэалізуецца ў Віцебску і вобласці, але значная частка (амаль 60%) ідзе на экспарт. Цяпер на цяплічным камбінаце спрабуюць вырошчваць мелкаплодныя таматы (слівападобныя і чары), так што неўзабаве пакупнікі змогуць ацаніць на смак і гэтыя віды прадукцыі.
Сяргей Ляшук, "Віцебскія весці"