Больш за палову пасеваў збожжавых палеглі ў Віцебскай вобласці з-за дажджоў

28 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за палову пасеваў збожжавых палеглі на палях Віцебскай вобласці ў выніку непагадзі, якая разыгралася на працягу некалькіх дзён, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела земляробства, раслінаводства і кармапраізводства камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама Аляксей Туркоў. Пацярпелі з-за ліўняў і іншыя культуры: палегаласць лёну складае 70%, крыжакветных - 40%. Разам з тым да капрызаў надвор'я віцебскім аграрыям не прывыкаць. Па словах суразмоўцы, толькі апошнія некалькі гадоў нябесная канцылярыя ў перыяд уборкі была прыхільная да працаўнікоў вёскі, а ў асноўным прыбіраць хлеб даводзілася ў аналагічных цяжкіх умовах. "Сітуацыя знаёмая, таму будзем прымяняць на пацярпелых участках палёў камбайны са сцеблапад'ёмнікамі, выкарыстоўваць кожны пагодлівы час, каб не страціць выгадаваны ўраджай", - падкрэсліў Аляксей Туркоў. Усталяванае ў мінулыя дні ў Віцебскай вобласці дрэннае надвор'е суправаджалася моцнымі дажджамі. Толькі за мінулыя суткі на тэрыторыі рэгіёну выпала амаль дэкадная норма ападкаў, паведамілі ў Віцебскім абласным цэнтры па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя. Пры гэтым максімальная іх колькасць (115% дэкаднай нормы) прыпала на гарадскі пасёлак Езярышча, які аказаўся бліжэй за ўсё да цэнтра бушуючага цыклону. Па інфармацыі Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС, вынікам ліўняў стала парушэнне электразабеспячэння ў 25 населеных пунктах вобласці. Пацярпелі Талачынскі, Аршанскі, Віцебскі, Полацкі і Сенненскі раёны. Аднак ужо да 22.00 27 ліпеня ўсе пашкоджанні былі ўстаранены. У бліжэйшыя дні, па прагнозах сіноптыкаў, у вобласць зноў вернецца цяпло, і толькі ў сераду-чацвер на асобных тэрыторыях чакаюцца кароткачасовыя дажджы.-0-