Больш за паўтысячы танцораў Віцебскай вобласці стануць удзельнікамі агляду-конкурсу "Прыдзвінскія карункі"
Больш за 500 танцораў харэаграфічных калектываў Віцебскай вобласці прымуць удзел у шостым абласным аглядзе-конкурсе "Прыдзвінскія карункі", які пройдзе 15 лістапада ў Гарадку. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці.
У Доме культуры Гарадку збярэцца больш за 20 ансамбляў народна-сцэнічнага, эстраднага танца, а таксама калектываў са званнем "народны" і "узорны". Конкурс пройдзе па некалькіх намінацыях: "Лепшае выкананне аўтарскіх танцаў Івана Серафімава"; "Лепшая новая балетмайстарская пастаноўка беларускай накіраванасці"; "Лепшы эстрадны танец з адлюстраваннем нацыянальнай тэматыкі, нацыянальных беларускіх матываў".
Конкурс, прысвечаны заслужанаму дзеячу культуры Беларусі балетмайстру Івану Серафімаву, праводзіцца ў Віцебскай вобласці раз на два гады. У гэты раз ён прысвечаны 95-годдзю з дня нараджэння стваральніка і мастацкага кіраўніка Віцебскага народнага ансамбля песні і танца "Маладосць" і кіраўніка народнага фальклорнага ансамбля "Вытокі", рэпертуар якога складаўся з рэгіянальных твораў, апрацаваных майстрам. "Іван Серафімаў аказваў пастаянную кансультатыўна-практычную дапамогу харэаграфічным ансамблям, збіраў, апрацоўваў, захоўваў матэрыялы, садзейнічаў развіццю музычна-песеннага, танцавальнага фальклору вобласці. Калектывы рэгіёна зберагаюць яго багатую харэаграфічную спадчыну", - падкрэслілі ў метадычным цэнтры.
Адбудзецца таксама канцэрт-падарунак вядучых харэаграфічных калектываў вобласці жыхарам Гарадка.
Алена Ціханава