Больш за сто пасажыраў былі эвакуіраваны з цягніка Віцебск-Смаленск
4 красавіка, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. У Лёзненскім раёне на выхадных "замініравалі" цягнік, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік Віцебскага аддзела ўнутраных спраў на транспарце Сяргей Стэльмах.
Званок аб мініраванні цягніка Віцебск-Смаленск паступіў на дзяжурную лінію "102" 2 красавіка ў 15.20, калі састаў адправіўся са станцыі Лёзна. Невядомы паведаміў, што ў цягніку знаходзіцца дзве бомбы.
Тэрміновая эвакуацыя больш чым 110 пасажыраў, якія знаходзіліся ў чатырох вагонах, была праведзена праз некалькі хвілін на запасным пуці прыпыначнага пункта Чарніцы. Пры абследаванні састава супрацоўнікі МНС і сапёрнай групы ніякіх выбуховых рэчываў не выявілі. Затрымка ў руху дызель-цягніка склала амаль 1,5 гадзіны.
Асобу падазронага "дабрадзея" міліцыянеры ўстанавілі хутка. Ім аказаўся 44-гадовы жыхар Віцебска.
Па дадзеным факце ўзбуджана крымінальная справа па ч.1 арт. 340 Крымінальнага кодэкса Беларусі ("Загадзя ілжывае паведамленне аб небяспецы"), якая прадугледжвае да пяці гадоў пазбаўлення волі. Вядзецца следства.-0-