Больш за траціну запазычанасцей прадпрыемстваў за паслугі ЖКГ у Віцебскай вобласці прыпадае на сельскагаспадарчыя арганізацыі

27 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Асноўнымі даўжнікамі прадпрыемстваў ЖКГ у Віцебскай вобласці з'яўляюцца сельгаспрадпрыемствы - на іх прыпадае 38% ад агульнай сумы пратэрмінаванай запазычанасці юрыдычных асоб, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага аблвыканкама.

Паводле даных на 1 ліпеня бягучага года, сельгасарганізацыі пратэрмінавалі плацяжы камунальнікам на агульную суму Br12,8 млрд. Арганізацыі ЖКГ аказваюць паслугі больш чым 240 сельгаспрадпрыемствам, з якіх запазычанасці маюць 150 суб'ектаў гаспадарання. Пры гэтым 41% ад агульнай сумы запазычанасці прыпадае на 16 прадпрыемстваў.

Асноўнымі праблемамі ва ўзысканні пратэрмінаванай запазычанасці з сельскагаспадарчых арганізацый спецыялісты ўпраўлення лічаць тое, што ў гэтых даўжнікаў ёсць абавязацельствы перад іншымі крэдыторамі па плацяжах у бюджэт, у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, крэдытах банкаў, заработнай плаце, энерганосьбітах, а таксама адсутнасць у іх ліквіднай маёмасці, якую можна было б рэалізаваць у кошт даўгоў.

У Віцебскай вобласці дэбіторская запазычанасць юрыдычных асоб за камунальныя паслугі за першую палову 2011 года склала Br47,6 млрд., у тым ліку пратэрмінаваная - Br36,3 млрд., або 70,6% ад усёй сумы запазычанасці юрыдычных асоб. Услед за сельгаспрадпрыемствамі асноўнымі даўжнікамі камунальнікаў з'яўляюцца прадпрыемствы канцэрна "Беллегпрам", на іх прыпадае пятая частка пратэрмінаванай запазычанасці.-0-