Больш за тысячу прызваных у памежныя войскі навабранцаў прынялі прысягу на вернасць Беларусі

13 жніўня, Полацк /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Навабранцы, прызваныя на тэрміновую службу ў пагранвойскі, упершыню прымалі Прысягу на вернасць Радзіме ў Полацку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Каля паўтары сотні маладых людзей, якія будуць несці службу ў Полацкім памежным атрадзе, ва ўрачыстай абстаноўцы на цэнтральнай плошчы старажытнага горада ля помнікаў героям Айчыннай вайны 1812 года і Вялікай Айчыннай вайны ў прысутнасці родных, блізкіх, камандзіраў часці, ветэранаў памежнай службы вымавілі тэкст воінскай клятвы.

Як адзначыў у гутарцы з журналістамі старшыня Дзяржпагранкамітэта Ігар Рачкоўскі, які прымаў удзел ва ўрачыстай цырымоніі, сёлета на базе Полацкага пагранатрада ўпершыню пачаў працаваць вучэбны пункт па падрыхтоўцы навабранцаў. Гэта эксперымент, які заключаецца ў тым, што на службу ў Полацкі пагранатрад прызываліся хлопцы з Віцебскага рэгіёна. Іх падрыхтоўка для далейшай службы вялася з улікам асаблівасцей службы ў паўночна-заходнім краі. З гэтых салдат, пры іх жаданні, будзе весціся падрыхтоўка вайскоўцаў для службы па кантракце і для паступлення ў Інстытут памежнай службы.

Ігар Рачкоўскі нагадаў, што ў адпаведнасці з канцэпцыяй развіцця памежнай службы на 2008-2017 гады да канца 2017 года ведамства павінна перайсці на кантрактную аснову. "Сённяшнія рэаліі службы на мяжы змяніліся і патрабуюць, каб ахову дзяржмяжы неслі прафесіяналы з выдатнай падрыхтоўкай", - падкрэсліў Ігар Рачкоўскі.

Вучэбны пункт па падрыхтоўцы салдат-тэрміноваслужачых працягне працу ў Полацкім пагранатрадзе. "Прыняцце прысягі памежнікамі стане чарговай адметнай рысай Полацка і будзе добрай традыцыяй", - упэўнены кіраўнік памежнай службы.

Урачыстыя цырымоніі прыняцця прысягі навабранцамі прайшлі сёння таксама ў Дзяржынску, Лідзе, Смаргоні, Брэсце, Пінску. Больш за тысячу маладых людзей далі клятву на вернасць Беларусі і яе народу. Паводле даных Дзяржпагранкамітэта, колькасць прызыўнікоў 2011 года знаходзіцца на тым жа ўзроўні, што і ў мінулым годзе.-0-