Больш за тысячу навучэнцаў знаходзяцца ў банку дадзеных таленавітай моладзі Віцебскай вобласці
28 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У банку даных таленавітай і адоранай моладзі Віцебскай вобласці налічваецца 1061 навучэнец. Пра гэта паведаміў сёння на ўшанаванні пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх прадметных алімпіяд начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
З году ў год таленавітыя школьнікі Віцебскай вобласці паказваюць на міжнародных і рэспубліканскіх алімпіядах высокі ўзровень ведаў і падрыхтоўкі, падкрэсліў Іван Шчурок. Так, у 2010 годзе ім удалося заваяваць 90 дыпломаў на рэспубліканскіх прадметных алімпіядах, а ў 2009-м прынесці ў скарбонку ўзнагарод Беларусі 4 з 25 дыпломаў, заваяваных прадстаўнікамі нашай краіны на міжнародных спаборніцтвах.
Аднак для дасягнення поспеху патрэбны не толькі здольны вучань, але і таленавіты настаўнік, адзначыў начальнік упраўлення адукацыі. У Віцебскай вобласці яны ёсць. Сёння на ўрачыстым сходзе прысутнічаюць некаторыя з іх - 62 педагогі, якія падрыхтавалі дзяцей-пераможцаў. Кожны з іх варты самых высокіх хвал і ўдзячнасці за сваю працу. Разам з тым можна адзначыць і ўвесь кадравы патэнцыял устаноў адукацыі вобласці, лічыць Іван Шчурок. У прыватнасці, 91% педагогаў, якія працуюць у рэгіёне, маюць вышэйшую адукацыю. 77,5% валодаюць вышэйшай і першай кваліфікацыйнымі катэгорыямі. Не маюць кваліфікацыі толькі 11% настаўнікаў. У асноўным, гэта маладыя спецыялісты.-0-