Больш за тысячу сустрэч ужо адбылося на Віцебшчыне ў рамках адкрытага дыялогу «Маладзёны Беларусі: традыцыі і будучыня».
У рамках адкрытага дыялогу на Віцебшчыне ўжо прайшло больш за тысячу сустрэч моладзі з прадстаўнікамі мясцовых органаў улады, бізнесу, духавенства, грамадскіх арганізацый, сферы культуры, спорту і іншых. Як паведаміла першы сакратар абласнога камітэта БРСМ Юлія Новікава, абмяркоўвалася мноства пытанняў рознай накіраванасці. Новае пакаленне аказалася даволі дапытлівым. Але разам з пытаннямі, што немалаважна, паступаюць і прапановы. Моладзь бачыць, дзе можа быць карыснай, і выказвае гатоўнасць прыняць удзел у вырашэнні надзённых праблем.
– Па выніках праведзеных сустрэч лідзіруе тэма працаўладкавання і занятасці ў вольны час. На другім месцы – рэалізацыя разнастайных ініцыятыў. Таксама часта абмяркоўваецца развіццё сістэмы адукацыі, – адзначыла Юлія Новікава. – Адкрыты дыялог стаў пляцоўкай для зносін і абмену ідэй, ён дае магчымасць пачуць і быць пачутым. Асабліва гэта важна напярэдадні Года моладзі і 70-годдзя Вялікай Перамогі.
Чарговая сустрэча адбылася на базе ВДМУ, але ўжо ў пашыраным фармаце. Тут сабраліся прадстаўнікі навучэнскай, студэнцкай і працоўнай моладзі не толькі Віцебска, але і Віцебскага, Лёзненскага, Сенненскага, Шумілінскага, Полацкага, Аршанскага раёнаў і Наваполацка. У дыялогу прынялі ўдзел намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Ірына Матвеева, загадчык сектара па справах моладзі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Дзяніс Захарэвіч, старшыня Віцебскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Тамара Краснава-Гусачэнка, старшыня аддзела па справах моладзі Віцебскай епархіі, святар храма Успення Прасвятой Багародзіцы Аляксандр Кавалёў.
Маладыя людзі цікавіліся: як будзе працаваць на Віцебшчыне цэнтр занятасці моладзі, стварэнне якога цяпер абмяркоўваецца? Ці змогуць студэнты больш бываць непасрэдна на вытворчасці, а не ў аўдыторыі? Што трэба рабіць, каб павысіць прэстыж айчыннай літаратуры, як у Беларусі, так і за мяжой? Якая праца з моладдзю праводзіцца праваслаўнай царквой? А вось пытанне аб чаканнях юнага пакалення ў Год моладзі адрасавалі назад у аўдыторыю: якім вы хочаце бачыць гэты год? Прапаноў паступіла нямала: ад правядзення трэнінгаў і форумаў па згуртаванні розных груп маладых людзей да ўстаноўкі на кожным прадпрыемстве, у інтэрнаце трэнажорнай залы, каб зрабіць спорт даступнейшым, стварэння ўмоў для больш камфортнага перамяшчэння па гарадах на роварах. Такую цягу да здаровага ладу жыцця, вядома, нельга не заахвоціць. Акрамя таго, ёсць неабходнасць у правядзенні ў райцэнтрах семінараў па стварэнні сваёй справы і развіцці прадпрымальніцтва ў рэгіёнах, што будзе ў тым ліку спрыяць замацаванню моладзі ў малых гарадах.
Меркаванні:
Загадчык сектара па справах моладзі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Дзяніс Захарэвіч:
– Такія сустрэчы, вядома, патрэбныя, але толькі калі будзе практычны вынік, гэта значыць ініцыятывы будуць хаця б часткова рэалізаваны. Ідэі прагучалі добрыя, хацелася б пачуць і прапановы па іх увасабленні. У сваю чаргу органы ўлады гатовыя аказаць падтрымку. Але не павінны заставацца ўбаку і грамадскія арганізацыі, прадпрыемствы, дзе працуе моладзь. Неабходна садзейнічаць раскрыццю патэнцыялу маладых людзей, падтрымліваць іх імкненні маральна і матэрыяльна, ствараць умовы для актыўнага жыцця.
Старшыня каардынацыйнага савета першасных арганізацый БРСМ Віцебскага аддзялення БЧ Ігар Князеў:
– Адкрыты дыялог дае магчымасць маладым людзям выказаць свае пажаданні і прапановы, як палепшыць жыццё грамадзян у горадзе і вобласці. Абазначыць пытанні, якія актуальныя для моладзі. Напрыклад, мода на здаровы лад жыцця, што важна для грамадства ў цэлым. Спадзяюся, нашы ідэі будуць пачутыя. Узаемадзеянне моладзі і органаў улады неабходна.
Першы сакратар Лёзненскага РК БРСМ Наталля Штылікова:
– Падчас сустрэч у нашым раёне гучала шмат пытанняў ад сельскай моладзі, у прыватнасці жыллёвых і побытавых. Маладыя шматдзетныя сем'і ўносілі прапановы па паляпшэнні дэмаграфічнай сітуацыі. Шмат цікавых праектаў было ў школьнікаў. Мы ўзаемадзейнічаем з мясцовымі органамі ўлады дзякуючы створанаму ў Лёзне моладзеваму парламенту. Адкрыты дыялог стаў яшчэ адным крокам у дадзеным напрамку.
Вольга Маслоўская, "Віцебскія весці"