За ХК "Віцебск" на адкрыцці чэмпіянату Беларусі па хакеі будуць балець выхаванцы Дома дзіцяці
8 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Хакейны клуб "Віцебск" правядзе сёння матч адкрыцця стартаваўшага напярэдадні 19-га чэмпіянату Беларусі па хакеі на хатняй арэне ў Лядовым палацы спорту. Гасцямі матчу стануць выхаванцы Віцебскага спецыялізаванага Дома дзіцяці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе ХК "Віцебск".
Адміністрацыя клуба падрыхтавала для самых юных заўзятараў спецыяльную праграму, а гідам па свеце вялікага хакея ў малых будзе афіцыйны талісман клуба - мядзведзік. Дзеці здзейсняць экскурсію па лядовым палацы, пабываюць непасрэдна на лядовай арэне, пазнаёмяцца з асновамі адной з самых папулярных гульняў і стануць сведкамі падрыхтоўкі хакеістаў да гульні. Для выхаванцаў дзіцячага дома прыгатаваны сувеніры і падарункі, а ў кафэ палаца іх чакаюць пачастункі. Затым дзеці зоймуць ганаровыя месцы на трыбунах і змогуць пабалець за віцебскую каманду. Такія дабрачынныя акцыі адміністрацыя клуба плануе зрабіць традыцыйнымі, адзначылі ў прэс-службе.
Першы паядынак віцебская дружына правядзе сёння са жлобінскім "Металургам". Для абодвух сапернікаў гульня мае прынцыповае значэнне, бо ў міжкаронным перыядзе некаторыя хакеісты "Металурга" перайшлі ў "Віцебск", а некалькі спартсменаў віцебскай каманды папоўнілі шэрагі дружыны са Жлобіна. Акрамя таго, для "Віцебска" маючы адбыцца матч стане першай афіцыйнай гульнёй пад кіраўніцтвам новага галоўнага трэнера Сяргея Пятюхова, які падпісаў кантракт з клубам за некалькі дзён да адкрыцця чэмпіянату. Цяпер значна абноўленай у міжкаронным перыядзе віцебскай камандзе трэба выканаць галоўную задачу на сезон - трапіць у плэй-оф чэмпіёнскай гонкі.-0-