Балгарскія бізнесмены пабудуюць у Лепельскім раёне турыстычны комплекс

18 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Новы турыстычны комплекс з'явіцца ў Лепельскім раёне. У рэалізацыю гэтага праекта балгарскае замежнае таварыства з абмежаванай адказнасцю "Лазурнае возера" інвестуе звыш $10 млн, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА сузаснавальніца кампаніі Ані Іванова. Паводле яе слоў, агульная плошча комплексу складзе 14 тыс. кв. м. У яго склад увойдуць 7-павярховая чатырохзоркавая гасцініца, рэстаран, тэнісныя корты і фітнес-залы, паркінг, крыты аквапарк, бізнес-цэнтр - усё неабходнае для адпачынку і працы дзелавых людзей. Прыступіць да рэалізацыі праекта плануецца ўжо ў канцы гэтага года, адкрыць - у канцы 2011 - пачатку 2012 года. Сфера інтарэсаў балгарскай кампаніі ў Лепельскім раёне дастаткова шырокая. Акрамя турыстычнага комплексу ў бліжэйшы час тут плануецца рэалізаваць праект па будаўніцтве камерцыйнага жылля, разглядаюцца і іншыя прапановы.-0-