Балгарскія бізнесмены рэалізуюць у Лепельскім раёне тры буйныя інвестпраекты

26 чэрвеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Балгарскія бізнесмены рэалізуюць у Лепельскім раёне тры інвестыцыйныя праекты агульным коштам звыш $10 млн, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Лепельскім райвыканкаме. Балгарскае замежнае таварыства з абмежаванай адказнасцю "Лазурнае возера" ўжо набыло правы арэнды на зямельныя ўчасткі для будаўніцтва буйнога культурна-забаўляльнага і гасцінічнага комплексу агульнай плошчай 14 тыс. кв.м, дзе будуць створаны ўсе ўмовы для адпачынку і працы дзелавых людзей. Праектна-каштарысная дакументацыя на гэтыя праекты вырабляецца інвестарамі ў Балгарыі. Прывабны інвестыцыйны клімат у рэгіёне і прыродныя прыгажосці лепельскага краю падштурхнулі балгарскую кампанію да рэалізацыі тут яшчэ аднаго праекта па будаўніцтве жылля. Першапачаткова плануецца пабудаваць два дамы павышанай камфортнасці ў былым ваенным гарадку ў вёсцы Бароўка, размешчанай за восем кіламетраў ад раённага цэнтра. Зямельныя ўчасткі для іх будаўніцтва ўжо выдзелены, вядзецца іншая падрыхтоўчая праца. -0-