Хворых на цукровы дыябет штогод у Беларусі становіцца на 20 тыс. чалавек больш

30 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Колькасць хворых на цукровы дыябет штогод павялічваецца ў Беларусі больш чым на 20 тыс. чалавек, або 6-7%. Пра гэта паведаміла карэспандэнту БЕЛТА галоўны пазаштатны эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Ала Шапелькевіч. У Віцебску яна прымае ўдзел у абласной навукова-практычнай канферэнцыі "Цукровы дыябет і вострыя парушэнні мазгавога кровазвароту". Па словах Алы Шапелькевіч, на пачатак 2011 года ў нашай краіне зарэгістравана 210,7 тыс. хворых на цукровы дыябет. "Для Беларусі тэндэнцыя павелічэння колькасці хворых актуальная так жа, як і для ўсяго свету. Пры гэтым прагнозы Сусветнай федэрацыі дыябету не ўцешлівыя: рост захаваецца, да 2030 года ён можа скласці каля 500 млн. чалавек у свеце", - адзначыла лекар. Адным з прыярытэтнымі напрамкамі ў барацьбе з распаўсюджваннем цукровага дыябету ў Беларусі з'яўляецца прафілактычная праца, павышэнне кваліфікацыі эндакрынолагаў, тэрапеўтаў, урачоў сумежных і іншых спецыяльнасцей з мэтай выяўляць захворванне на ранніх стадыях. Важным складнікам з'яўляецца і праца з пацыентамі, для якіх у рэспубліцы дзейнічае 215 стацыянарных і амбулаторных школ цукровага дыябету. Галоўны пазаштатны эндакрынолаг закранула і пытанне лекавага забеспячэння хворых на цукровы дыябет. "З другога паўгоддзя гэтага года ў Беларусі будзе прымяняцца толькі генна-інжынерны інсулін чалавека і аналагі інсуліну, якія закупляюцца за кошт сродкаў мясцовага бюджэту", - падкрэсліла Ала Шапелькевіч.-0-