Большасць раёнаў Віцебскай вобласці прыступілі да ўборкі кармавой кукурузы

12 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці пачалася ўборка кукурузы на сілас, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама. Да работ на кукурузных палях прыступілі гаспадаркі большасці раёнаў. Паводле даных на 12 жніўня, скасілі 1,1 тыс. га, або 1,3% да плана. З улікам другога ўкосу шматгадовых траў у вобласці нарыхтавана 760 тыс. т кармавых адзінак, забяспечанасць кармамі на адну ўмоўную галаву жывёлы складае 16,4 ц кармавых адзінак. Гаспадаркам вобласці трэба будзе сёлета нарыхтаваць травяных кармоў у аб'ёме не менш як 1 млн 250 тыс. т кармавых адзінак, што на 10% перавышае паказчык 2009 года. У разліку на адну ўмоўную галаву грамадскага статка плануецца нарыхтаваць не менш як 25 ц кармавых адзінак.-0-