Вялікі канцэрт да 65-годдзя Перамогі адкрые новы сезон у Летнім амфітэатры Віцебска

22 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Вялікі канцэрт да 65-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне адкрые новы сезон у Летнім амфітэатры Віцебска, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Цэнтры культуры "Віцебск". Мерапрыемства, падрыхтаванае тэлекампаніяй СТБ, збярэ ветэранаў і ўдзельнікаў вайны, а таксама жыхароў і гасцей абласнога цэнтра 2 мая. Увечары гэтага ж дня на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы горада адбудзецца не менш цікавы юбілейны канцэрт ансамбля "Сябры". Павіншаваць з 35-годдзем знакаміты калектыў плануюць Нані Брэгвадзэ, Аляксандр Буйноў, Мікалай Гнатюк, Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская, Іна Афанасьева, Ірына Дарафеева і іншыя зоркі беларускай і расійскай эстрады. Афіша Летняга амфітэатра толькі на май уключае звыш 10 мерапрыемстваў. Гэта выступленні знакамітага Санкт-Пецярбургскага балета на лёдзе, які прадставіць "Лебядзінае возера" і "Спячую прыгажуню", святочныя праграмы для старшакласнікаў і малодшых школьнікаў, канцэрт "Тэнары XXI стагоддзя", выступленне Вячаслава Бутусава і гурта "Ю-піцер". "Праграма, якая ўключае самыя розныя канцэрты, разлічана на любога гледача - дзяцей, падлеткаў, дарослых. У ёй кожны зможа выбраць нешта цікавае для сябе", - упэўнены спецыялісты. Напярэдадні Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" ў Летнім амфітэатры наступіць часовае зацішша. 6 чэрвеня на яго сцэне адбудзецца канцэрт Алега Газманава, пасля якога пачнецца актыўная падрыхтоўка да фестывальных мерапрыемстваў. У час правядзення форуму тут будзе дадзена 22 канцэрты і яшчэ 14 - у каляфестывальныя дні. Акцябром канцэртнай дзейнасцю будзе напоўнены і верасень. Праграма на апошні месяц працы амфітэатра ў цяперашні час фарміруецца, вядуцца перамовы з артыстамі, дадалі ў Цэнтры культуры "Віцебск".-0-