Баршчэўнік Сасноўскага ў Віцебскай вобласці выдалены на 97% плошчы яго росту

24 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Барацьба з боршчэўнікам Сасноўскага праведзена ў бягучым годзе ў Віцебскай вобласці на плошчы больш за 1,5 тыс.га, што складае больш за 97% плошчы яго росту. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Віцебскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Боршчэўнік Сасноўскага ў вобласці займае тэрыторыю плошчай 1584 га. З абласнога фонду аховы прыроды на мерапрыемствы па барацьбе з атрутным пустазеллем выдзелена Br380,319 млн., з іх асвоена больш за 70%. Мерапрыемствы праведзены на тэрыторыі 1537,1 га: скашана 1217,8 га, пераараны 181,7 га, апрацавана гербіцыдамі 137,5 га.

У ліпені-жніўні спецыялісты абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя правялі абследаванне тэрыторый найбольш праблемных раёнаў: Віцебскага, Гарадоцкага, Сенненскага, Аршанскага, Дубровенскага, Аршанскага і Бешанковіцкага. Дзяржаўны кантроль за выдаленнем боршчэўніка таксама ўзмоцнены ў Браслаўскім, Глыбоцкім і Гарадоцкім раёнах.

У Талачынскім, Мёрскім, Сенненскім раёнах да шэрагу землекарыстальнікаў прыняты меры адміністрацыйнай адказнасці. За невыкананне мерапрыемстваў па рэгуляванні распаўсюджвання колькасці боршчэўніка Сасноўскага складзена 7 пратаколаў аб адміністрацыйных парушэннях і накладзены адміністрацыйныя спагнанні, выдадзена 22 прадпісанні на ўстараненне выяўленых парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства. На працягу 2011 года да вінаватых асоб прыменены штрафныя санкцыі на Br9,3 млн.

Боршчэўнік Сасноўскага - адна з найбольш небяспечных інвазіўных раслін, якая выйшла з культывавання і распаўсюдзілася ў прыродзе. Лісце і плады расліны багаты эфірнымі масламі, якія ўтрымліваюць асаблівыя рэчывы, што пры кантакце са скурай выклікаюць фотахімічны апёк. Для барацьбы з боршчэўнікам у 2008 годзе была распрацавана рэспубліканская праграма па яго знішчэнні, дзе асноўная роля ў барацьбе з атрутнай раслінай адводзілася мясцовым органам улады, службам лясной гаспадаркі, сельскагаспадарчым прадпрыемствам.

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі распрацавала рэкамендацыі па знішчэнні баршчэўніка. Існуе чатыры асноўных спосабу барацьбы з ім: ручны (падкопванне лапатамі), выкошванне (праводзіцца два-тры разы на год), прымяненне пестыцыдаў і - найбольш паспяховы спосаб - запарванне і засеў тэрыторый ляснымі культурамі або трава сумесі. -0-