Браканьеры з Віцебскай вобласці заплацяць за ракаў Br6,9 млн.

7 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыла – БЕЛТА/. Не тры, не пяць рублёў, а Br6,9 млн. павінны заплаціць за ракаў няўдачлівыя рыбаловы з Віцебскай вобласці, распавялі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. Два сябры ў чэрвені вырашылі пабытачыць брэдам на адным з азёр у Глыбоцкім раёне. У сетку трапіў 51 рак, лоўля якога на той момант была забаронена. Агульная вага ўлову склала 1,9 кг. Як падлічылі інспектары, браканьеры нанеслі прыродзе шкоду ў суме Br 2,7 млн. З улікам асабліва буйнога памеру шкоды, у дачыненні да рыбаловаў была ўзбуджана крымінальная справа. Суд Глыбоцкага раёна прызнаў абодвух парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства вінаватымі і прыгаварыў кожнага да штрафу ў памеры Br 2,1 млн. З улікам шкоды агульная сума, якая падлягае пакрыццю, склала Br6,9 млн. Такім чынам, адзін рак абышоўся амаль у Br135 тыс. І калі ў вядомай інтэрмедыі Міхаіла Жванецкага герою даводзілася пакутна выбіраць паміж маленькімі ракамі за тры рублі і вельмі вялікімі за пяць, то няўдачлівым рыбаловам выбіраць не давядзецца – прысуд суда ўступіў у законную сілу. За 7 мес. бягучага года інспектары выявілі ў вобласці 2,3 тыс. парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства. Больш за ўсё парушэнняў здзейснілі рыбаловы – 1,4 тыс. Вынята 75,5 км сетак і 2,1 т незаконна вылаўленай рыбы.-0-